Уроцлаў – горад чулы на беларушчыну
Ва Уроцлаве скончыўся Фестываль незалежнай беларускай культуры. Цягам мінулага тыдня жыхары Уроцлава мелі магчымасць пазнаёміцца з беларускімі артыстамі, мастакамі ды паэтамі. Гэткае свята беларушчыны праводзіцца ў сталіцы Ніжняй Сілезіі ўжо восьмы раз.
У размове з нашым радыё старшыня фундацыі «За нашу і вашу свабоду!» Мікола Іваноў зазначае, што Уроцлаву вельмі пасуе роля гаспадара гэтага фестывалю:
— Ведаеце, у палякаў ёсць усходнія крэсы і заходнія крэсы. Але так атрымалася, што ўсе тыя людзі, якія жылі з намі перад вайной. Каталікі-беларусы, якія ўцякалі ад савецкай улады пасля вайны, перасяляліся менавіта сюды. Таму Уроцлаў – гэта горад, які вельмі чулы на ўсё беларускае. І таму цяпер восьмы фестываль, а будзе і дзявяты, і я ўпэўнены, што будзе і дзясяты фестываль. Пакуль гэтыя людзі тут ёсць, былыя беларусы, можна так сказаць, былыя нашы суайчыннікі, якія тут ужо жывуць шмат гадоў, я думаю, што будзе зацікаўленасць, а магчыма, падрастае і новае пакаленне, якое таксама цікавіцца беларушчынай. Але калі гэтае старое пакаленне беларушчыну ўспрымае як нешта сваё, як культуру тых суседзяў, якія засталіся на Беларусі, то маладое пакаленне ўспрымае беларускую культуру як нешта новае, як культуру незалежнай самастойнай нацыі, маладой дзяржавы, якая з’явілася на мапе Еўропы, так што перспектывы для беларускага фестывалю вельмі добрыя.
РР: Ці вы не адчуваеце, што беларускія студэнты, якія прыязджаюць на вучобу ва Уроцлаў, трапляючы на ваш фестываль, адкрываюць Беларусь за мяжой?
Мікола Іваноў: Так! Гэта дзіўная рэч. І ў Амерыцы такое ёсць, і ў Чэхіі такое ёсць, і ў нас, у Польшчы. Гэтае замежжа робіцца моцным сродкам беларусізацыі. Гэтыя людзі прыязджаюць сюды, частка размаўляе па-расейску і раптам, калі яны бачаць, што тут культура беларуская, што палякі прыходзяць не натоўпамі, але шмат палякаў прыходзіць і дзівіцца нашай надзвычайнай культуры, нашым майстрам, пісьменнікам, а якія ў нас мастакі на той Беларусі! Палякі разумеюць, што гэтыя тыя людзі, якія нарадзіліся там, дзе ў свой час нарадзіліся амаль усе выбітныя палякі. І Міцкевіч, і Касцюшка, і Манюшка, і Пілсудскі, і Гедройць, і Гейштар, амаль няма ніводнага выбітнага паляка, які б не нарадзіўся ў нас на Беларусі (гэта я жартую, вядома). І тады людзі разумеюць, што беларускасць – гэта прывабная рэч, што аплачваецца быць беларусам. Яшчэ іншы момант. У сувязі з Украінай, у сувязі з не найлепшымі адносінамі паміж сённяшняй Польшчай і пуцінскай Расеяй, у нейкім сэнсе быць беларусам у Польшчы больш прэстыжна, чым быць расейцам. Калі ты прыходзіш ва ўніверсітэт і гаворыш, што ты беларус – зусім іншыя адносіны, чым калі ты расеец. Тут палякі лічаць, што 90% расейцаў падтрымлівае палітыку Пуціна, які забірае Крым і г.д., што, вядома, не да канца праўда.
РР: Спадар Мікола, Вы ўжо ў восьмы раз арганізоўваеце фестываль. Распавядзіце, калі ласка, як Вы апынуліся ва Уроцлаве?
Мікола Іваноў: Я ўжо тут жыву 40 гадоў. Большую частку жыцця пражыў тут. Але неяк трымаюся пры беларускасці, і дзеці, і жонка беларуска. Я трапіў сюды 40 гадоў таму, бо закахаўся ў польку, якая, на жаль, ужо адышла з гэтага свету, але я прыехаў сюды з вялікага кахання, можна так сказаць. Спачатку пакахаў дзяўчыну, пазней закахаўся ў гэты горад, у гэтыя польскія крэсы, і цяпер я з’яўляюся без перабольшвання патрыётам Уроцлава, я вельмі актыўна ўдзельнічаю ў імпрэзах «Уроцлаў. Еўрапейская сталіцы культуры», мы тут робім не толькі беларускія справы, мы тут робім і іншае. Ва Уроцлаве жыла выбітная расейка, і трошкі полька Наталля Гарбанеўская. У 1968 годзе яна разам з групай іншых расейцаў выйшла пратэставаць супраць агрэсіі краінаў Варшаўскай дамовы на Чэхаславаччыну. Яна ўжо два гады не жыве, і мы штогод збіраемся: яе сябры, тыя, хто яе знаў, чытаем яе вершы, штогод з’яўляецца новы фільм, прысвечаны Наталлі Гарбанеўскай, сёлета прыедзе яе сяброўка Людміла Уліцкая, усе тыя жывыя расейцы, якія ўдзельнічалі ў той маніфестацыі на Чырвоным пляцы. Так што робім даволі шмат тут ва Уроцлаве.
Традыцыйным арганізатарам фестывалю незалежнай беларускае культуры выступае фундацыя «За нашу і вашу свабоду!». Штогод фестываль праводзіцца пад патранатам улады горада Уроцлава.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя