Вадзім Шышко: Мы працягваем традыцыю ТБМ



Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны аднавіла сваю дзейнасць у Польшчы. Кіраўнік зарэгістраванай у Польшчы арганізацыі Вадзім Шышко распавядае пра тое, чаму вырашыў заняцца гэтай справай, ці ведалі ранейшыя лідары ТБМ пра яго ініцыятыву, і чым плануе займацца таварыства за мяжой. На размову з „Госцем Раці” запрашае Яна Запольская.

РР: Таварыства беларускай мовы аднаўляе, можна так сказаць, сваю дзейнасць пасля атрымання рэгістрацыі на тэрыторыі Польшчы. Мы будзем мець справу з новым таварыствам, ці гэта тое ТБМ, якое будзе працягваць ранейшую справу?

У нашых мэтах і задачах усё тое ж самае, што было ў мэтах і задачах ранейшага ТБМ. То бок у гэтым плане мы працягваем традыцыю. Іншая справа тэхнічны падыход, скажам так. Мы сыходзім з той сітуацыі, у якой мы знаходзімся. Па-першае, мы знаходзімся ў Польшчы, тут у нас іншае заканадаўства, чым у Беларусі. Мы павінны неяк адаптавацца пад гэтае заканадаўства. Ну і плюс чыста тэхнічнае, сённяшнія сродкі камунікацыі, яны дазваляюць трохі па іншаму будаваць узаемадзеянне з людзьмі і паміж суполкамі. То бок тэхнічна мы трохі адрозніваемся, у мэтах і задачах мы застаёмся тымі ж самымі, якімі мы былі ў Беларусі.

РР: Статут застаецца той самы, толькі з унесенымі зменамі?

– Статут даволі істотна зменены. Скажам так, спачатку я спрабаваў проста перакласці на польскую мову, думаў, што яно так усё пойдзе. Я ўвогуле ніколі не рэгістраваў ніводную арганізацыю, таму я звязаўся, наша сядзіба знаходзіцца ў горадзе Лодзь, у Лодзі ёсць польскі фонд, які займаецца дапамогай усім недзяржаўным арганізацыям, якія хочуць зарэгістравацца. Я з імі кансультаваўся, я ім паказаў наш статут, што вось мы хочам абапіраючыся на яго дзейнічаць. Нашы кансультанты з гэтага фонду захавалі сутнасць дзейнасці таварыства, якое было ў Беларусі, але яны яго істотна адаптавалі пад польскія ўмовы. Статут даволі істотна скарочаны і па некаторых тэхнічных момантах ён змяняецца і адрозніваецца ад таго, што было ў Беларусі. Але сама сутнасць дзейнасці яна застаецца – гэта захаванне, пашырэнне і развіццё беларускай мовы, толькі ва ўмовах Польшчы.

РР: Скажыце калі ласка, перад тым як пачаць працэс рэгістрацыі Таварыства беларускай мовы ў Польшчы, Вы неяк абмяркоўвалі гэта з ранейшымі лідарамі арганізацыі?

Не. Будзем называць рэчы сваімі імёнамі, на сённяшні дзень Беларусь па факце ўяўляе з сябе канцлагер. Я толькі што чытаў пра чарговы хапун у Дзяржынску, а гэта кожны дзень. Калі б я пачаў кансультавацца з тымі беларусамі, якія жывуць у Беларусі, каб зарэгістраваць таварыства, якое забаронена ў Беларусі, калі б пра гэта нейкім чынам даведалася „банда Лукашэнкі”, мне шкада гэтых людзей. Цяпер хапаюць проста за ўсё, не там чыхнуў, не там стаяў, не тое сказаў, то ўсё, арыштоўваюць. Калі б я кансультаваўся наконт ТБМ у Польшчы, то я б паставіў пад удар людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі. Таму я вырашыў абапірацца толькі на нашыя дыяспарныя сілы, якія знаходзяцца ў Польшчы. Калі гэтыя людзі пераедуць у Польшчу, то запрашаю да нас у ТБМ і хай далей займаюцца тым, чым займаліся.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

„Госцем Рацыі” быў кіраўнік адноўленага за мяжой ТБМ імя Францішка Скарыны Вадзім Шышко. Прыгадаем, што ўлады Беларусі ліквідавалі ТБМ у лістападзе 2021 года. Таварыства існавала з 1989 года, адным з ініцыятараў яго стварэння быў паэт Ніл Гілевіч.

Беларускае Радыё Рацыя