Вайна ва Украіне: акупацыйныя ўлады ствараюць выбаркамы
Кіраўнікі так званых ваенна-грамадзянскіх адміністрацыяў (ВГА) Херсонскай і Запароскай абласцей, створаных пасля акупацыі часткі гэтых рэгіёнаў Украіны расейскімі войскамі, падпісалі дакументы аб стварэнні выбарчых камісій.
Як гаворыцца ў іх паведамленнях, камісіі ствараюцца ў тым ліку для правядзення рэферэндумаў аб уваходжанні абласцей у склад Расеі. Склад камісій пакуль не вызначаны. Яўген Баліцкі, які называе сябе кіраўніком ВГА Запароскай вобласці, паведаміў, што камісія будзе фармавацца «з самых актыўных і неабыякавых жыхароў рэгіёну». Таксама ў суботу было абвешчана аб сфармаванні так званага ўраду Запароскай вобласці. Яго ўзначаліў расейскі грамадзянін, былы намеснік губернатара Валагодзкай вобласці Антон Кальцоў. Раней «урад» Херсонскай вобласці ўзначаліў таксама былы расейскі чыноўнік, былы намеснік губэрнатара Калінінградзкай вобласці Расеі. Адзначым, што расейскія войскі кантралююць амаль усю тэрыторыю Херсонскай вобласці з абласным цэнтрам і каля 60 працэнтаў тэрыторыі Запароскай вобласці, пры гэтым горад Запарожжа застаецца пад кантролем Украіны.
Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў заяўляюць, што ўсе акупаваныя тэрыторыі будуць вызваленыя.