Аналітык: Расея не прызнае сваю прысутнасць ва Украіне
На Данбасе знаходзіцца 15-20 тысяч прарасейскіх і расейскіх баевікоў – такія падлікі робіць МУС Украіны. Расея надалей афіцыйна абвяргае сваю ваенную прысутнасць ва Украіне, аднак даныя замежных выведак сведчаць пра адваротнае.
Каментуе вайсковы аналітык Аляксандр Алесін:
– Канешне, ніхто не сумневаўся ў расейскім удзеле ў гэтым канфлікце ад самага пачатку. І як паказвае практыка ранейшых канфліктаў у розных рэгіёнах свету, для гэтага не абавязкова, каб там ваявалі вайскоўцы тэрміновай службы. Людзі, якія працавалі па кантрактах у зонах ваенных канфліктаў, заўсёды працавалі на расейскі ўрад. Але ў чым я сумняваюсь, дык гэта ў тым, што ва Ўкраіне атрымалася зафіксаваць расейскіх вайскоўцаў у расейскай форме, з расейскімі нашыўкамі і з расейскімі дакументамі. Калі дзяржава нешта падобнае робіць, то яна заўсёды прыкрываецца рознымі шыльдамі, добраахвотнымі фармаваннямі і гэтык далей. І рускія не такія дуракі, каб наўпрост праяўляць сябе ва Украіне.
РР: Яны ёсць, але іх быццам няма. І Ўладзімір Пуцін ніколі гэтага не прызнаў…
– Гэта іх тактыка. Раней быў пашыраны анекдот: хадзіў Штырліц па Берліне, і нішто не выдавала ў ім рускага разведчыка, акрамя парашута за спінай ды Ордэна баявога чырвонага знамені на грудзях. Таму я не сумняюся, што расейцы прысутнічаюць і ў значнай колькасці, але мяркую, што ўсе гэтыя людзі працуюць па кантрактах, гэта спецыялісты ў галіне бронетанкавай тэхнікі, артылерыйскіх сістэм, снайперы і гэтык далей. У свой час яны адслужылі ў расейскім войску, і, як кажуць, былых спецназаўцаў не бывае. Канешне, ёсць, пэўна, і рамантыкі, і імперыялісты, і нацыяналісты, але асноўная частка – гэта тыя, якія працуюць за грошы. Такая тактыка ўжываецца таму, што іх выявіць вельмі складана. Таксама я цвёрда перакананы, што Расея ніколі не прызнае свайго ўдзелу як дзяржавы ў канфлікце ва Ўкраіне, каб не даць міжнародным арганізацыям факты для асуджэння.
РР: Ёсць інфармацыя, што ўкраінскія ваенныя сілы адчуваюць нястачу боепрыпасаў…
– Я ўпэўнены ў тым, што такія цяжкасці ёсць, і асабліва калі і ў мірны час церпіць вытворчасць боепрыпасаў. Боепрыпасы з цягам часу становяцца непрыдатнымі, і трэба іх выбракоўваць і папаўняць. Наколькі я ведаю, ва Ўкраіне гэтая праца не праводзілася, і на той момант, як распачаўся ваенны канфлікт, многія боепрыпасы апынуліся непрыдатнымі. Мы бачым факты ўжывання аператыўна-тактычных ракет “Точка У” – яны не выбухаюць, таксама мы бачым снарады “Градаў”, якія не выбухнулі, гаўбіц і т.д. Гэта ўсё сведчыць пра тое, што гэтыя боепрыпасы не прыдатныя для выкарыстання, яны задоўга ляжалі. Акрамя таго, у Луганску знаходзіўся патронны завод, які працаваў на ўкраінскае войска, а цяпер ён працуе на сепаратыстаў. І яшчэ да ваеннага канфлітку значная колькасць боепрыпасаў прыходзіла з Расеі.
РР: Ці можа Ўкраіна ўсё ж разлічваць на дапамогу НАТА?
– Дапамогу боепрыпасамі могуць аказаць толькі тыя краіны, якія былі ўдзельнікамі Варшаўскай дамовы. Прычына ў тым, што ў НАТА і краін Варшаўскай дамовы розныя калібры ўзбраення. Напрыклад, у НАТА калібр артсістэм 155, а ў Савецкага Саюзу быў 152. Таму пастаўкі могуць ажыццяўляцца толькі за кошт запасаў, якія знаходзяцца ў краінах былой Варшаўскай дамовы, і за кошт ліцэнзійнай вытворчасці. Савецкі Саюз у свой час наладжваў вытворчасць гэтых боепрыпасаў у шэрагу краін сацыялістычнага лагеру, у Польшчы, Балгарыі… Што тычыцца ўдзелу воінскіх кантынгентаў і спецыялістаў, то яно можа быць дакладна такім самым, як удзел з расейскага боку – па кантракту. Таму што афіцыйна НАТА не можа прымаць удзелу ў гэтым канфлікце, пра што раней было заяўлена на высокім узроўні. Я ўжо неаднойчы казаў, што вайна будзе ператварацца ў вайну прафесіяналаў, бо “неабстраляныя” людзі будуць гінуць, а ім на змену будуць прыходзіць тыя, хто ўжо прайшоў праз многія гарачыя кропкі.
Аляксандр Алесін лічыць, што ваенны канфлікт ва Ўкраіне будзе працягвацца да таго часу, пакуль абодва бакі не будуць канчаткова абяскроўленыя, пакуль кожны бок не зразумее, што перамога – немагчымая. Толькі гэты факт можа прымусіць сесці за стол сапраўды мірных перамоваў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя