Вайсковы пікнік «Місія Усход» пад Беластокам
Паказы сярэднявечных бітваў, рэканструкцыя аднаго з баёў польска-бальшавіцкай вайны, паездка танкам ды магчымасць наведаць лагер амерыканскіх войскаў, — гэта толькі некаторыя цікавінкі, што чакаюць наведвальнікаў сёмага вайсковага пікніка «Місія ўсход» у Агароднічках што ля Беластока. Апрача таго, на шасцідзесяці гектарах раскінуцца лагеры польскіх атрадаў з XVI стагоддзя, савецкія і нямецкія войскі, а таксама вікінгі і славянскія палкі.
Сярод гасцей фестывалю таксама групы з Беларусі, разам 60 чалавек, кажа арганізатар мерапрыемства Войцех Гэрнік:
— Яны будуюць дыярамы і гэта дакладна і Першая і Другая сусветная вайна, трыццаць дзявяты год і пазнейшыя перыяды. Прыязджаюць з рыштункам, цэлымі сем’ямі, ім тут вельмі падабаецца і года ў год іх усё больш. І гэта зразумела, бо яны — нашы найбліжэйшыя суседзі.
Пікнік «Місія ўсход» у Агароднічках пачнецца 17 чэрвеня ў 12 гадзін. Ужо сёння вайсковае абсталяванне можна будзе паглядзець на Рынку Касцюшкі ў Беластоку.
Лукаш Ленюк, Беларускае Радыё Рацыя