“Вакно на ўсход“ для выпускнікоў школ Беларусі



Каля 40 выпускнікоў сярэдніх школаў з Беларусі знаёмяцца сёння з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беластока. Праект ажыццёўлены пры дапамозе ўладаў горада Беластока і фонду “Вакно на ўсход“. Па словах сябра фонду Паўла Міцкевіча, Беласток мае добрую прапанову будучым студэнтам з Беларусі.

– Кошт вучобы – такі самы. Калі б захацелі вучыцца ў прыватных вышэйшых установах у Беластоку, гэтыя кошты могуць быць і меншыя. Бацькоў найбольш цікавіць перспектыва і магчымасць атрымання еўрапейскага дыплому. Атрыманне польскага дыплому грамадзяніну Беларусі дае магчымасць працаваць у Польшчы без дазволу на працу.

На акцыю “вучыся ў Беластоку“, якую ладзіў Фонд, адгукнулася звыш паўтысячы маладых людзей, не толькі з Беларусі, а таксама з Украіны, з Калінінградскай вобласці, а нават з Пецярбурга. На трохдзённае азнаямленне з Беластокам і навучальнымі ўстановамі горада гэтым разам была запрошана моладзь з Беларусі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя