Валачобны абрад на Падляшшы ўсё яшчэ жывы
Сёння рыма-католікі адзначаюць другі дзень свята Уваскрасення Хрыстовага. З Вялікаднем, апроч духоўных элементаў, звязаныя і народныя традыцыі. Адной з іх з’яўляецца старадаўні звычай валокання. Маладыя хлопцы на першы дзень святаў хадзілі па вёсцы і спявалі пад вокнамі дзяўчат гзв. «канапелькі»:
— Па вёсках хадзілі пад вечар. Адразу забава, а потым ідуць увечары да кожнай хаты і спяваюць. Як быў музыкант, то і музыкант хадзіў, а як не было, то і так спявалі. Віншаванне такое там спявалі, а за гэта яйка давалі, а часам і каўбасу.
Абрад валокання характэрны для сакольскіх вёсак ды тэрыторый над ракой Бобрай. Тут захаваліся канапелькі, якія спяваліся на роднай мове мясцовага насельніцтва – па-беларуску.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
