Валер Ступачэнка: Дапамаглі добрыя людзі тэрмінова пакінуць радзіму
Восем крымінальных справаў завялі ўлады Беларусі на журналіста з Магілёўшчыны Валера Ступачэнку (псеўданім). Калі ён з’язджаў з Беларусі ў 2020 годзе, была толькі адна – па артыкуле 364 КК РБ (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У яго кватэры сілавікі правялі ператрус, а крыху пазней спіс абвінавачанняў значна пашырыўся: гэта і абраза, паклёп на Лукашэнку, абраза прадстаўнікоў улады, дыскрэдытацыя Беларусі, заклікі да незаконных сходаў і г.д.
Валер Ступачэнка за гэты час пабываў у некалькіх еўрапейскіх краінах і вырашыў спыніцца на Літве:
– Вельмі пашанцавала. Дапамаглі добрыя людзі тэрмінова пакінуць радзіму, таму што там было ўсё вельмі сур’ёзна. Я б зараз сядзеў не тут, у выдатным горадзе Вільні, а сядзеў бы, відаць, у камеры. Справа ў тым, што ў той час, калі я з’язджаў, супраць мяне быў толькі адзін артыкул, а праз паўтара года, як паведаміла вельмі дасведчаная крыніца, супраць мяне адкрылі крымінальныя справы ўжо па васьмі артыкулах.
Валеру Ступачэнку 68 гадоў і з-за розных стрэсаў і пераездаў у яго ўзніклі праблемы са здароўем. Яму цяжка зараз працаваць (але ён шукае працу), аплачваць жыллё і набываць прадукты харчавання. Беларускую пенсію ён не можа атрымліваць, бо скончыўся тэрмін карткі. Таму сябры запусцілі на BYSOL збор яму ў дапамогу.
– Хлопцы самі вырашылі дапамагчы. Ведаючы мой характар не меркантыльны, калі будуць нейкія грошы лішнія, я з задавальненнем іх выдаткую на нашу агульную справу. Канешне, не на зброю, бо за такія сціплыя грошы нічога не купіш. Але я маю на ўвазе нейкую літаратуру, плакаты, сцягі, атрыбутыку.
Калі вы можаце падтрымаць Валера Ступачэнку і заданаціць яму невялікую суму, то спасылка на збор тут. https://bysol.org/ru/private/stupachenko/
А вялікае інтэрв’ю з журналістам Валерам Ступачэнкам вы зможаце паслухаць на хвалях нашага радыё 10 верасня ў публіцыстычнай перадачы “Мы бачым” ў 17.10 па беларускім часе, у Потльшчы – на гадзіну раней.
Беларускае Радыё Рацыя