Валеру Карбалевічу ўсё ж удалося трапіць у Страсбур на Форум у падтрымку дэмакратыі



Пасля сутак, праведзеных у аэрапорце Франкфурту, беларускі палітолаг Валер Карбалевіч здолеў трапіць у Страсбур, дзе разам з групай беларускіх журналістаў бярэ ўдзел у сустрэчы з супрацоўнікамі Рады Еўропы. Пры дапамозе МЗС Нямеччыны палітолагу Валеру Карбалевічу выдалі аднаразовую візу, якая дзейнічае да 8-га лістапада. Карбалевіч паведаміў, што пра гэта моцна паклапацілася таксама Рада Еўропы і амбасада Нямеччыны ў Беларусі. Прыгадаем, учора Валера Карбалевіча затрымала франкфурцкая паліцыя за тое, што ён перасякаў мяжу з славацкай шэнгенскай візай у пашпарце. Яму забаранілі ўезд у Нямеччыну і прапанавалі вярнуцца ў Беларусь. Маючы зваротны квіток на сераду, Валер Карбалевіч раней прыняў рашэнне пажыць тры дні ў аэрапорце і дачакацца дня вяртання, бо прапанаваныя яму квіткі каштавалі ў межах тысячы еўра.

* * *

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч не змог трапіць на Форум у падтрымку дэмакратыі ў Страсбургу. Нямецкая паліцыя затрымала яго ў аэрапорце Франкфурту. Па словах палітолага, падставай для затрымання магло стаць тое, што гэта яго першая паездка з новым пашпартам і новай візай. Шэнгенскую візу Карбалевіч атрымаў у амбасадзе Славаччыны ў Менску:

– Мне напісалі, што я парушыў правілы, што я незаконна ўехаў на гэтай падставе.

Валер Карбалевіч праз Франкфурт кіраваўся ў Страсбур на Форум у падтрымку дэмакратыі. У сувязі з затрыманнем палітолаг вымушаны правесці час у аэрапорце ажно да серады, паколькі квіток у Менск ён мае толькі на 5-га лістапада.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя