Валянцін Стэх: Не лічым сябе дыяспарай у Літве, мы аўтахтоны
“Жыву тут не так даўно, амаль 60 гадоў”, — кажа пра сябе віленскі беларус Валянцін Стэх. Ён стаяў ля вытокаў мясцовага беларускага клуба “Сябрына”, а цяпер з’яўляецца яго старшынём.
Не Вільнюс – а Вільня, не дыяспара — а аўтахтоны. Беларусы, што жылі ў Літве яшчэ за “саветамі” і беларусы, якія прыехалі сюды пасля падзей жніўня 2020… А што з роднай мовай? Пра гэта ды не толькі сённяшні Госць Рацыі распавёў у размове з нашай карэспандэнткай Евай Бардзілоўскай.
РР: Вы лічыцеся грамадзянінам Літвы…
Валянцін Стэх: Не толькі я. Не проста грамадзянін – мы ўсе тут з’яўляемся аўтахтонамі, і я, да прыкладу, не прымаю вось гэтага слова «дыяспара», якое ў кожнага беларуса праз слова зрываецца з вуснаў. Мы ніякая не дыяспара, мы аўтахтоны, дыяспара – гэта за акіянам, гэта за Ла-Маншам і г.д. А мы аўтахтоны тут.
РР: Вы добра валодаеце літоўскай мовай і беларускую таксама захавалі і на ёй размаўляеце цэлае жыццё.
Валянцін Стэх: Беларускую мову я ведаю глыбей і шырэй за літоўскую, але мне хапае гэтых ведаў, якімі я валодаю ў літоўскай мове, і таму, ніякага дыскамфорту ў гэтым плане я не адчуваю. А што да беларускай мовы, – гэта мая родная мова, мова, якую я ўвабраў, як кажуць, з малаком маці. Чаму? Таму што і бацькі гаварылі па-просту, як у нас было прынята называць гэтую мову, і вёска гаварыла па-просту, і па сённяшні дзень яшчэ больш-менш размаўляе. І мне неяк не выпадала зракацца гэтай мовы. Зрачыся гэтай мовы – гэта значыць, зрачыся вось тых людзей, пра якіх я толькі што згадаў, сваёй радзімы, стаць перакаці-полем.
РР: А што наконт расейскай мовы?
Валянцін Стэх: Паколькі я чалавек савецкага выхавання, а тады расейская мова дамінавала ўсюды, то расейскую мову я таксама ведаю, і дзе магу, там карыстаюся ёю. Адзінае, чаго я не цярплю, гэта расейскай мовы з вуснаў беларусаў. Вось гэтага я не цярплю. Беларусы маюць сваю спрадвечную мову, якой яны не проста валодаць, яны павінны ганарыцца дзе толькі можна і як толькі можна.
РР: Хто цікавіцца беларускай культурай у межах «Сябрыны»? Гэта толькі беларусы?
Валянцін Стэх: Зусім не абавязкова. Людзі самыя розныя. І па сацыяльным сваім стане, і па нацыянальным, і па моўным. Розныя людзі. Але гэта мова ў клубе, і людзі пра гэта ведаюць, хто прыйшоў у «Сябрыну», яны іншай мовы тут не пачуюць. Наша мова беларуская.
РР: Якія ў Вільні незвычайныя нацыянальнасці сустракаюцца?
Валянцін Стэх: Якуты ёсць. Казахі, кіргізы. Ёсць прадстаўнікі такіх краін як Ірак, Іран, Сірыя. Самыя розныя. Дакладна не скажу, можа 154-156 нацыянальнасцяў. Мы беларусы займаем у Літве трэцяе па колькасці насельніцтва месца пасля палякаў і рускіх. Раней, за саветамі, рускіх было больш, чым палякаў, а на сённяшні дзень наадварот.
РР: Існуе Еўрапейская хартыя рэгіянальных моваў і моваў нацыянальных меншасцяў. Ці вы, аўтахтонныя беларусы ў Літве, адчуваеце, што гэтая Хартыя праз літоўскую дзяржаву, нейкія афіцыйныя структуры вас абараняе, дапамагае вам нейкім чынам?
Валянцін Стэх: Я браў не адзін раз удзел у сустрэчах з прадстаўнікамі гэтай Хартыі, але на сабе асабіста я не адчуў ні дапамогі, ні нейкіх перашкод. Можа гэта тлумачыцца тым, што, як мы не заўважаем паветра, якім дыхаем, пакуль не маем праблем са здароўем, таксама можа і тут, пакуль усё добра, мы не заўважаем уздзеянняў, уплыву гэтай Хартыі. Але пачуваем сябе нармальна, камфортна.
Цалкам размова:
Старшыня беларускага клуба “Сябрына” Валянцін Стэх стаў адным з тых, хто пасадзіў дрэўца на Алеі Беларусі каля літоўскага Сейма. Алея прысвечана дэмакратыі ў Беларусі і ўзнікла ля маста Жверынас у Вільні ў мінулым месяцы.
А з Госцем Рацыі размаўляла наша карэспандэнтка Ева Бардзілоўская.