Варшаўскія ўкраінцы пра выбары ва Украіне
Ва Украіне адбыліся выбары ў Вярхоўную Раду. Сёлетнія выбары пазачарговыя і гэта адзін з вынікаў перамогі Рэвалюцыі Годнасці. Украінцы з усяго свету ўважліва назіраюць за гэтым працэсам.
Пра тое, ці задаволеныя ўкраінцы ў Польшчы вынікамі экзіт-полаў, расказвае старшыня арганізацыйнага камітэта Еўрамайдана ў Варшаве Наталля Панчанка:
– З аднаго боку можна сказаць, што мы задаволеныя. Перадусім мы задаволеныя, як і ўсе грамадзяне Украіны тым, што гэты парламент будзе абсалютна праеўрапейскім парламентам ва Украіне – гэта ўпершыню ў гісторыі. Другое, што адбылося ўпершыню ў гісторыі Украіны – гэта тое, што ў парламент не трапілі камуністы. З іншага боку ўсё ж такі ёсць нязначнае незадаволенне тым, што ў парламент праходзіць „Апазіцыйны блок” – гэта колішнія чальцы Партыі рэгіёнаў.
Чаго чакаюць украінцы ад новага парламента? “Каб нашы дэпутаты сапраўды выяўлялі інтарэсы ўкраінцаў”, – зазначае студэнт з Варшавы Раман Корбут:
– Мы чакаем люстрацыі, чакаем радыкальных дзеянняў адносна таго, каб нашыя дэпутаты ўсвядомілі, што там адбываецца, не закрывалі вочы на тое, што там ідзе вайна і не называлі вайну мірам. Мы хочам, каб нашыя дэпутаты насамрэч прадстаўлялі інтарэсы ўкраінцаў.
ЦВК Украіны ўжо падлічыў больш за палову пратаколаў, у Вярхоўную Раду праходзяць 6 партый, якія пераадолелі 5% бар’ер, сярод якіх “Народны Фронт” прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка, „Блок Пятра Парашэнкі” і аб’яднанне “Самопомач” мэра Львова Андрэя Садовага. На мяжы прахода – нацыяналістычная партыя “Свабода”.
Беларускае Радыё Рацыя, Варшава