Беларуска стала ініцыятарам Дзён культур у Варшаве
Беларуска ініцыявала правядзенне Міжнароднага дня культур у Варшаве. Ураджэнка Берасця Марыя Глухава працуе ў Еўрапейскім Доме сустрэч моладзі ў Варшаве.
Сёлета яна рэалізуе сваю ідэю – Дзень культур „Варшаўская мазаіка”, які пройдзе ў бліжэйшую суботу.
Марыя Глухава, Еўрапейскі Дом Спатканняў Моладзі ў Варшаве:
– Я сама з Беларусі, але зараз працую ў Варшаве, у Еўрапейскім Доме Спатканняў Моладзі. ЕДСМ – гэта перадусім арганізацыя дзяржаўная. Мы здаем спальныя нумары і яшчэ займаемся праектамі, якія звязаныя з моладдзю. Вось я менавіта займаюся праектамі.
Гэта было так, што я проста сядзела, чытала навіны і пабачыла, што зараз у палякаў павялічваюцца антыіміграцыйныя настроі. Падумала: што рабіць у такой сітуацыі? Трэба паказаць, што нас тут шмат, і мы розныя. Я вырашыла спачатку заняцца краінамі постсавецкімі. З імі было лёгка дамовіцца, а яшчэ я хацела паказаць палякам, варшавякам, што былы СССР – гэта не толькі Расея. Гэта шмат розных культур, яны ўвогуле не падобныя адна да адной.
Я проста пачала пісаць да сваіх знаёмых, каб знайсці нейкія кантакты. Была вельмі ўсцешана тым, што ўсе так пазітыўна адгукнуліся і захацелі прыняць удзел.
Беларускі Дом у Варшаве запрапанаваў мне звярнуцца да Украінскага Дома, з якімі меў кантакты, і дапамагчы мне ў арганізацыі Дня Культур.
„Варшаўская мазаіка” – гэта цікавая назва. Мы сядзелі з сяброўкай з працы і думалі, як назваць гэты дзень культур. І вырашылі, што назва “мазаіка” будзе адпавядаць яму найбольш, бо паказвае на тое, што Варшава рознакаляровая, яна можа быць разнастайнай. Гэта і Малдова, і Грузія, і Украіна, Казахстан, Азербайджан.
Сустаршыня Беларуска Дома ў Варшаве Уладзь Кобец:
– Ідэя ўзнікла з аднаго боку спантанна, а з другога – заканамерна. Калі да нас звярнуліся з Еўрапейскага Дома Спатканняў Моладзі з такой прапановай, мы гэта абмеркавалі і зразумелі, што гэта варта рабіць, і рабіць менавіта зараз. Пасля гэтага мы са свайго боку, а ЕДСМ са свайго знайшлі кантакты да іншых меншасцяў, да культурных цэнтраў. І такім чынам украінцаў прыцягнулі на гэта мерапрыемства менавіта мы, беларусы. І ў нас нават намёт будзе супольны з украінцамі на Дні Культур. Пэўныя рэчы падчас імпрэзы мы робім супольна. Скажам, біць манеты з „Пагоняй” будзе ўкраінец Аляксандр Кірычэнка, майстар па гэтых справах, які вельмі ахвотна згадзіўся гэта для нас рабіць. Таму кожны, хто жадае займець беларускі талер з „Пагоняй”, можа прыйсці да нас.
Сустаршыня Беларуска Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:
– Беларусы прадставяць традыцыйны беларускі народны танец, будзе адбывацца кірмаш, можна будзе набыць розныя беларускія гаджэты, сувеніры, цішоткі з нацыянальнымі сімваламі. Таксама можна будзе набыць беларускую кніжку.
Усіх шчыра запрашаем у беларускі смачны куточак, там можна будзе паспрабаваць традыцыйную беларускую бабку, падняць чарачку сапраўднай беларускай гарэлачкі „пяршак” альбо напіцца беларускага квасу. Таксама ўсіх наведнікаў чакае традыцыйны мужчынскі спеў у выкананні гурта „Рада”. Шчыра запрашаем, будзе весела, смачна і традыцыйна па-беларуску.
Імпрэза адбудзецца ў суботу ад 14-ай да 18-ай на вуліцы Длуга, 18 у цэнтры Варшавы. Падрабязнасці на сайце edsm.pl .
Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара