Варшаву наведаў інструктар байцоў палка Каліноўскага
Па службовых справах Варшаву наведаў палкоўнік у адстаўцы, інструктар вучэбна-трэніровачнага цэнтра байцоў палка Каліноўскага Мікалай Молакаў з пазыўным „МММ”.

Ён сустрэўся з беларусамі Варшавы, сярод якіх была маці намесніка камандзіра палка Каліноўскага Таісія Кабанчук. Палкоўнік Молакаў расказаў прысутным пра будні каліноўцаў:
– У 2014 годзе пайшоў добраахвотнікам, мне на той час было 62 гады. Я пайшоў у полк „Азоў” – гэта гонар Украіны і нашых узброеных сіл, дзе самыя адборныя людзі. У палку „Азоў” я пазнаёміўся з беларусамі, працавалі і ваявалі разам з імі.

Удзельнікі сустрэчы былі ў захапленні ад сустрэчы. Жылісты, падцягнуты, энергічны, разумны, шчыры, як кажуць, сапраўдны палкоўнік. А беларускім жанчынам не трэба баяцца адпускаць сваіх мужоў, сыноў ва Украіну ў вучэбна-трэніровачны цэнтр, кажа Таісія Кабанчук:
– Не абавязкова ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях ва Украіне, але нашы людзі павінны быць натрэніраваныя і ведаць, што рабіць з ворагам, калі ён будзе нас нішчыць.

Паводле палкоўніка Молакава, камандаванне палка Каліноўскага і ён сам усё робяць для таго, каб полк быў круцей беларускага АМАПу і спецназу. Пра тоеснасць беларусаў ён зразумеў толькі працуючы з каліноўцамі. Вайсковец у захапленні ад беларусаў, як нацыі.

Беларускае Радыё Рацыя
