Васіль Чэпурны: Кожны народ мае сваю гісторыю



Пакуль ў беларускай сталіцы адкрываюцца крамы кшталту “Ленінграда”, густа аздобленыя савецкімі сімваламі, ва Украіне працягваецца масштабная дэкамунізацыя. Нехта сцвярджае, што гэты працэс варта было распачаць яшчэ напачатку дзевяностых, нехта перакананы, што ніякай дэкамунізацыі ўвогуле не трэба, нехта прапануе крыху пачакаць.

Але тым часам помнікі Леніну, Дзяржынскаму, Варашылаву ды іншым дзеячам савецкай эпохі валяцца з пастаментаў па ўсёй краіне. З гарадскіх дэкораў знікаюць сярпы і малаткі. Пераназываюцца вуліцы і населеныя пункты.

Як адбываецца гэты працэс у Чарнігаве, памежным з нашай краінай? Ці сабатуюць дэкамунізацыю мясцовыя ўлады? Як можа адбывацца дэкамунізацыя ў Беларусі, якая ў гістарычнай перспектыве таксама непазбежная?

1C92F805ED6154468E134F394B6062514B73155FA7E3AC8FEFpimgpsh_fullsize_distr

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Васілём Чэпурным – старшынём абласнога аб’яднання Усеўкраінскага таварыства “Правсета”, дарадцам старшыні Чарнігаўскай абласной адміністрацыі па пытаннях дэкамунізацыі.

РР: Калі прамаўляюцца словы “дэкамунізацыя” і “пераназоў вуліц”, можна пачуць і такое: “а нашто выдаткоўваць на такое грошы,  лепш пусціць іх проста раздаць людзям!..” Вы сутыкаліся з падобным?

Васіль Чэпурны: З такімі сцвярджэннямі мне даводзіцца сутыкацца даволі часта. Па-першае, гэта не такія і вялікія грошы – толькі вытворчасць новых шыльдаў, калі размова пра вуліцы. Гэта праблема арганізацый, і гэта ніяк не ўплывае на бюджэт горада. Гэта па-першае. Па-другое, нават калі б гэта і выпагала пэўных выдаткаў, то я ў падобных сітуацыях заўсёды кажу: вы прыходзіце на брудную кухню – з прусакамі, смеццем, цвіллю і павуціннем, якое падае ў ваш суп, то што вы першым чынам станеце рабіць: есці ці прыбіраць тую кухню? Спачатку трэба ж прыбраць! Працэс гэты неабходны і абсалютна незваротны!

РР: А паводле якіх прынцыпаў адбываецца той жа пераназоў вуліц?

Васіль Чэпурны: Найперш – вяртанне менавіта гістарычных назваў. Пры ўмове, што гэта не імперскія назвы. Таму што, вяртаць назву “Вуліца Аляксандра ІІІ” ці “Мікалая ІІ” ніхто не збіраецца. Што тычыцца нашага горада, то вуліца, напрыклад, Бялінскага, мае насіць гістарычную назву “Елецкая”. І зусім не таму, што літаратурны крытык Бялінскі падпабае пад працэс дэкамунізацыі, а таму, што “Елецкая” – гістарычная назва. Вуліца “Вароўскага” – “Хлебапекарская”, гістарычная назва. Чым пагана гучыць? І гэтак далей. Таксама будуць пераназваныя вуліцы на гонар тых гістарычных герояў, якія з розных меркаванняў за савецкім часам не былі ўшанаваныя. Гэта героі Украінскай Народнай Рэспублікі, а таксама героі так званай Антытэрарыстычнай аперацыі, а насамрэч – расейска-украінскай вайны, будзем называць рэчы сваімі імёнамі.

РР: Падобныя працэсы адбываліся ў Беларусі напачатку 90-х гадоў і суправаджаліся шалёным сабатажам на месцах. Вам даводзілася з такім сутыкацца?

Васіль Чэпурны: Сабатаж, безумоўна, ёсць. У некаторых сельсаветах кажуць, што не бачаць ніякай патрэбы ў пераназовах…

РР: А якія ў іх супрацьаргументы?

Васіль Чэпурны: Напрыклад, вёску “Акцябрскую” не хочуць пераназываць з тае прычыны, што яна, маўляў, названая не ў гонар перавароту 1917 года, а проста ў гонар месяца…

РР: А ці даводзіцца вам сустракацца з такім аргументам: гэта ж, маўляў, наша гісторыя, гэта святое: Шчорс, Куйбышаў, Ленін і гэтак далей… Было такое?

Васіль Чэпурны: Асабліва Шчорс. Ёсць на Сівершчыне горад з такой назвай. Мы там праводзілі грамадскія слуханні – я нібыта павярнуўся ў сваё юнацтва, калі напрыканцы 80-х гадов мы ездзілі па Чарнігаўскай вобласці і агітавалі за незалежнасць. Таксама чулі ўсе гэтыя камуністычныя штампы. Яны там вырашылі горад не пераназываць. Але слухаць іх ніхто не збіраецца, бо ў законе ўсё выразна прапісана, і ўсё прапісанае мае быць выкананым.

РР: Але ж некаторыя гістарычныя персанажы, у гонар каторых пераназываюцца вуліцы, могуць успрымацца неадназначна! Колькі гадоў таму ў Роўна вырашылі паставіць помнік Сімону Пятлюру, салдаты якога бралі ўдзел у яўрэйскіх пагромах. Папярэдне звярнуліся за мясцовага рабі – маўляў, а як успрымуць такое ровенскія яўрэі? На што рабі адказаў: калі ва Украіне стаяць помнікі Багдану Хмяльніцкаму, то што вы ў мяне пытаецеся? Вам даводзілася з такім сутыкацца?

Васіль Чэпурны: У нас пазіцыя такая: не трэба на Сівершчыне навязваць агульнаўкраінскіх герояў, калі яны не звязаныя з нашым краем. Ніхто не ставіць за мэту называць вуліцы імёнамі Бандэры, Пятлюры ды іншых. Хочаце называць вуліцы імёнамі нашых чарнігаўскіх героеў? Ды калі ласка!

 РР: Але назваць у тым жа Чарнігаве вуліцы імёнамі Залатарэнкі, Нябабы ды іншых персанажаў украінскай гісторыі, якія вельмі адмоўна ўспрымаюцца беларусамі – значыцца, пакрыўдзіць нас, суседзяў… Як вы памятаеце, гэтыя людзі экспартавалі ў наш Край казацкую анархію, прытым рабілі то за маскоўскія грошы, – рыхтык, сённяшнія Гіві і Матарола…

Васіль Чэпурны: Для палякаў неадназначны Сцяпан Бандэра, для яўрэяў – Сімон Пятлюра і Багдан Хмяльніцкі. Для нас неадназначныя некаторыя персанажы польскай ці беларускай гісторыі…

РР: …князь Свідрыгайла, які спаліў Чарнігаў, напрыклад.

Васіль Чэпурны: Так. І да гэтага трэба ставіцца спакойна і не бачыць у тым якога палітычнага складніка. Гэта абсалютна нармальна: кожны народ мае сваю гісторыю і сваю гістарычную міфалогію.

РР: Беларусь іншым разам называюць “запаведнікам СССР”. Рана ці позна наша краіна таксама пойдзе шляхам дэкамунізацыі. Як вы гэта бачыце?

Васіль Чэпурны: Мне здаецца, што беларусы – вельмі паслухмяны народ. І калі зверху будзе загад, то ўсё пройдзе ціха і гладка.

РР: А, можа, варта было б зрабіць дзяржаўны запаведнік, куды пазвозіць статуі ўсіх гэтых Сталіных, Леніных, Дзяржынскіх, Шчорсаў ды ім падобных персанажаў? І зрабіць нейкі адпаведны атракцыён, кшталту замка графа Дракулы?

Васіль Чэпурны: Я па мне – гэта абсалютна здаровая ідэя. Рана ці позна яна будзе рэалізаваная і ў нас, ва Украіне, і ў вас, у Беларусі.

“Закон пра дэкамунізацыю Украіны” дзейнічае ад 20 траўня. Паводле гэтага закона, камуністычны таталітарны рэжым 1917-1991 гадоў ва Украіне прызнаны злачынным і тэрарыстычным.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва В. Чэпурнога