Васіль Сегень: Фестываль “Беларуская песня” ўвесь час у развіцці



У першым конкурсе беларускай песні, у 1970 годзе, удзел узялі шэсць калектываў. Сёння гэта адна з самых важных падзеяў у беларускім культурным календары ў Польшчы. 20 лютага ў Падляшскай оперы і філармоніі адбудзецца гала-канцэрт фестывалю “Беларуская песня – 2020″. Пра тое, як мяняецца фестываль і што чакае гледачоў на гэты раз Беларускае Радыё Рацыя размаўляе з намеснікам старшыні БГКТ Васілём Сегенем.

РР: Хацелася б даведацца пра тое, што сёлата Вас здзівіла падчас адборачных канцертаў конкурса “Беларуская песня”?

Васіль Сегень: Фестываль “Беларуская песня” – гэта такая, можна сказаць, унікальная з’ява на фоне беларускай культуры ў Польшчы. Ён праводзіцца ўжо 49-ы раз. І 27-ы раз у выглядзе фестываля. Раней гэта былі конкурсы. У 2020 годзе – гэта 27-ы фестываль “Беларускай песні”. І кожны год ён прыносіць нейкія нечаканыя з’явы, нечаканыя здарэнні. Канешне, вельмі станоўчага, добрага, прыемнага характару. Гэта, перш за ўсё, маю на ўвазе. А пра тое, што здараецца нешта не заўсёды прыемнае, гаварыць лепш не трэба. Хаця, вядома, пры арганізацыі такія сітуацыі бываюць, калі нешта не атрымоўваецца так, як хацелася б. Але вяртаючыся да пазітыўных, вельмі добрых з’яў музычнага характару на нашым фестывалі, то наглядаецца з’яўленне чагосьці новага. Ці гэта калектыў, ці гэта нейкі новы жанр. Новыя людзі прыходзяць, або ранейшыя з новымі думкамі, з новымі прапановамі інтэрпрэтацыі беларускай песні. Гэты год таксама не выключэнне. З’яўляюцца новыя калектывы. І яны ацэнены вельмі высока камісіяй. І выступяць таксама на гала-канцэрце. Каб канкрэтна ўжо назваць, гэта ў першую чаргу маладзёвы калектыў з Дубровы Беластоцкай “Солятыюм”. Нас гэта вельмі радуе і цешыць, што якраз Дуброўшчына не забывае пра беларускую песню і на карце беларускай культуры паяўляюцца такія разынкі, як у гэтым годзе. Гэты калектыў, праўда, і ў мінулым годзе выступаў. Але на цэнтральных адборах ім не ўдалося выступіць. У гэтым годзе яны прыехалі і пакарылі камісію. І занялі першае месца. Будзем рады бачыць і паслухаць на гала-канцэрце.

РР: Гэта, здаецца, адзіны такі маладзёвы калектыў, які вяртаецца да архаічных каранёў спеву і спявае “белым спевам”?

Васіль Сегень: Так. Такіх калектываў увогуле, якія па-беларуску спяваюць “белым спевам” традыцыйную, народную беларускую песню, мала. Хаця спеў “белы”, але моладзь заўсёды ўносіць пэўныя свае інтэрпрэтацыі, і гэта было бачна як раз у выкананні гэтых маладых людзей. Такіх калектываў, канешне, не шмат. Большасць маладых людзей, тыя, хто ўмее, любіць спяваць, хоча спяваць, яны ідуць у больш сучасную, эстрадную музыку. У больш прывабліваю, як яны самі думаюць.  

РР: Сапраўды, апошнім часам назіраецца, што фестываль крыху мяняецца і больш можна пачуць эстрадных, чым народных, архаічных песень.

Васіль Сегень: Я думаю, што гэта дынамічная з’ява. Яна назвіваецца з году ў год. Прыносіць розныя нечаканыя падзеі разам з сабой. Народная песня сёння менш прадстаўлена на фестывалі, чым гэта было 10-15 гадоў таму. Сёння фестываль робіцца багацейшы сваёй жанравай рознароднасцю. І гэта, канешне, з аднаго боку вельмі добра, але з другога боку нясе пэўныя цяжкасці. Як іх ацаніць, у якія катэгорыі? Таму з боку арганізатараў тут яны маюць пэўныя цяжкасці.

Цалкам размова:

З намеснікам старшыні БГКТ Васілям Сегеням размаўляла Уля Шубзда.