Васіль Сегень: Калі знікне мова, мы расплывемся ў польскай большасці



У Беластоку пачынаецца канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці». Госць нашай студыі Васіль Сегень з кафедры беларускай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэту, намеснік старшыні галоўнага ўпраўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства — галоўных арганізатараў гэтай канферэнцыі.

РР: Пра што будуць весціся 2-дзённыя дэбаты? Хто прыме ўдзел і якія галоўныя пункты 21-й канферэнцыі?

— Гэта ўжо чарговая сустрэча навукоўцаў з Беларусі і Польшчы, якія абмяркуюць праблемы польска-беларускіх дачыненняў на памежных тэрыторыях: у галіне мовы, літаратуры, гісторыі і культуры ў шырокім разуменні. Прадбачана праца ў 5 секцыях. Ажно 2 секцыі будуць моўнымі, бо найбольшая колькасць дакладчыкаў заявіла жаданне выступіць з мовазнаўчымі тэмамі.

 РР: Ці гэта будуць даследчыкі пераважна з памежжа: прадстаўнікі Беластоцкага і Гарадзенскага ўніверсітэтаў, ці таксама з іншых рэгіёнаў, толькі польскія ды беларускія ці з іншых краінаў таксама?

— Сёлета так склалася, што на канферэнцыі выступяць у асноўным навукоўцы з Беларусі з Гарадзенскага ўніверсітэту, але не толькі, бо, ужо не першы год, асабліва прадстаўлена дэлегацыя з Акадэміі навук, з Цэнтру даследаванняў мовы і літаратуры. З нашага боку сюды найбліжэй выкладчыкам з Беластока, але не толькі. Да нас прыязджаюць прафесары з Познані, Любліна, Торуня, а таксама Варшавы. Таму, польскі бок прадстаўлены многімі навуковымі цэнтрамі, для якіх праблематыка польска-беларускіх дачыненняў важная і з’яўляецца пунктам іхных даследаванняў. Яны прыязджаюць і прадстаўляюць нам вынікі гэтых даследаванняў.

 РР: Амерыканскі навуковец  Курт Уулхайзер даследаваў адзіны моўных арэал па абодва бакі беларуска-польскай мяжы, які па прычыне ўзнікнення гэтай мяжы пачаў разыходзіцца. Наколькі Вы заўважаеце гэты феномен і ці прыглядаецеся да дынамікі гэтых зменаў на беларуска-польскім памежжы?

— Тут ёсць пэўныя працэсы аб’ектыўнага характару, якія працякаюць незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не. Вядома, што адміністрацыйная, дзяржаўная мяжа ў асноўным не перашкода для развіцця мовы, бо для мовы гэта не мяжа, гэта мяжа для грамадзянаў.

 РР: Мяжа можа вызначаць накірункі, па якіх гэтая мова будзе развівацца. Наборы новых словаў і тэрмінаў.

— Вядома. Мяжа стала прычынай таго, што не адно дзесяцігоддзе мы, беларусы Польшчы, знаходзімся ў гэтай краіне што ў вялікай ступені вызначае лёс нашай мовы і культуры таксама. Гэта натуральны працэс: калі адчуваецца ўплыў агульнапануючай польскай мовы і ўплыў гэты — непазбежны.

Я хацеў бы таксама сказаць пра цікавую з’яву ў нашай сёлетняй канферэнцыі, для нас тут гарачае і вельмі важнае пытанне так званай падляшскай мовы. Выступіць вядомы тут, на Падляшшы, дзеяч Дарафей Фіёнік, які раскажа пра традыцыі выкарыстання пісьмовай падляшскай мовы ў ягонай дзейнасці. Мне здаецца, гэта будзе вельмі цікавы даклад, які дасць пачатак далейшаму абмеркаванню тэмы. Гэтая з’ява вельмі цікавая, але не хапае шырокай дыскусіі, і адмыслоўцаў у гэтай тэме. Справа датычыць нас, як беларусаў, нашага выжывання. Мова гэта прыкмета, дзякуючы якой мы выдзяляемся з шырокай масы грамадзянаў Польшчы.

 РР: Ці на канферэнцыі будуць закранацца таксама сацыялагічныя пытанні, і наколькі мова адназначная з дэкларацыяй нацыянальнай прыналежнасці?

 — Я ніколі не вёў сацыялагічных даследаванняў, але мне здаецца, што мова — вельмі істотны фактар, які сведчыць пра нацыянальную прыналежнасць. Вядома, не адзіны і не абавязковы, як паказвае досвед розных іншых нацыяў у свеце. Ёсць такія, што даўно згубілі сваю мову, але існуюць. Мне ж здаецца, мова — вельмі важны фактар. Некалі класік беларускай літаратуры сказаў: «Не пакідайце мовы сваёй, каб не памерлі». Гэтыя словы актуальныя і цяпер: калі знікае мова, знікаюць і іншыя элементы нашай культурнай адметнасці і мы расплываемся сярод польскай большасці. Таму мову трэба захоўваць усімі сіламі. І гэтую падляшскую гаворку ці мову, тут можна спрачацца які навуковы тэрмін да яе прымяніць, трэба развіваць і змагацца за яе. Гэта цікавая з’ява, феномен, які з’явіўся на Падляшшы, і які нам трэба захоўваць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Гутарыў, Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя.