Вечарына памяці Алеся Чаркашына і Віталя Целіжэнкі
27 верасьня ў Кіеве, у будынку Моладзевага нацыяналістычнага кангрэсу (МНК) па ініцыятыве актывістаў Руха Салідарнасьці «Разам» ва Ўкраіне адбыўся вечар памяці Алеся Чаркашына і Віталя Целіжэнкі, добраахвотнікаў з тактычнай групы „Беларусь” 1-й штурмавой роты ДУК ПС, якія загінулі ў антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе.
На вечарыне выступілі Алег Аўчыньнікаў – прэс-сакратар Руха Салідарнасьці «Разам» ва Ўкраіне, Сяргей Высоцкі – кіраўнік Аргкамітэту БПС-Самаабарона, Васіль Аўчарук – член Галаўнога проваду КУН, кіраўнік крымскай філіі КУН і Назар Прыходзька – сябра УНА-УНСО.
У час вечарыны прысутным быў прадэманстраваны кліп на песьню Алеся Чаркашына «Не здавайся!» і дакументальны фільм «Добраахвотнікі», прысьвечаны беларусам-добраахвотнікам, што цяпер ваююць у зоне АТА.
Напрыканцы падзеі выступіў добраахвотнік тактычнае групы «Беларусь» Ян Мельнікаў, які падзякаваў арганізатарам вечарыны за магчымасьць ушанаваць памяць Герояў.
33-гадовы Алесь Чаркашын – былы старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі БХД, 10 жніўня ў баі пад Белакаменкай на Данбасе атрымаў цяжкія параненьні. Страціў руку, асколкі ад міны патрапілі ў грудзі, нырку і галаву. Памёр 28 жніўня 2015 г. у шпіталі ў Запарожжы пасьля двух з паловаю тыдняў комы. Пахаваны 3 верасьня ў Камяніцы-Жыровецкай пад Брэстам. Ён ваяваў пад пазыўным «Сябар Тарас» у тактычнай групе «Беларусь» 1-й штурмавой роты Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару», быў капэлянам добраахвотнікаў.
Віталь Целіжэнка — украінскі актывіст з Запарожжа, актыўны ўдзельнік Рэвалюцыі Годнасьці, які падтрымліваў беларускую дэмакратычную супольнасьць, і які фактычна стаў ініцыятарам стварэньня тактычнай группы «Беларусь» у складзе ДУК ПС. Ваяваў пад пазыўным «Кекс» у тактычнай групе «Беларусь» 1-й штурмавой роты Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». Загінуў 10 жніўня ў баі пад Белакаменкай на Данбасе.
Беларускае Радыё Рацыя