Вечарына памяці Мікалая Тарасюка і ў падтрымку Ларысы Быцко ў Студзіводах
У Музеі малой Бацкаўшчыны ў Студзіводах адбылася вечарына, прысвечаная творчасці беларускага народнага майстра з Пружаншчыны – Мікалая Тарасюка. А таксама ў падтрымку захавальніцы спадчыны майстра ў яго роднай вёсцы ў сядзібе Стулы – Ларысы Быцко. Якая была арыштаваная на 15 сутак пасля аблавы сілавікоў на сядзібу, проста падчас паказу спектакля.
Кажа арганізатар вечарыны і заснавальнік музея ў Студзіводах Дарафей Фіёнік:
-Мы павінны падтрымаць хаця б духоўна, маральна ў такой цяжкай сітуацыі і нашую Ларысу, і яе сям’ю. Мы сустрэліся тут, у нашым музеі, пры працах Мікалая Тарасюка, для якога Ларыса Быцко была такой куратаркай. Яна вельмі шмат зрабіла для захавання памяці пра Мікалая Тарасюка – найвыдатнейшага прадстаўніка беларускага народнага мастацтва. Бо перш за ўсё стварыла Цэнтр Стулы, які з вымерлай вёскі зрабіў месца, вядомае ў цэлай Еўропе.
Мікалай Тарасюк – апошні жыхар вёскі Стойлы на Пружаншчыне, памёр у 2015 годзе, а да гэтага стварыў некалькі соцень драўляных фігурак і кампазіцый з жыцця роднай вёскі. Частку якіх у свой час перадаў у Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводы пад Бельскам-Падляшскім.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя