Вечарына памяці Віктара Шведа
Памяці Віктара Шведа. У «Książnicy Podlaskiej» ў рамках цыклу «Літаратурныя серады» прайшла вечарына ўспамінаў пра паэта, песняра беларусаў Падляшша – Віктара Шведа.
22 кастрычніка споўніўся год са дня яго смерці, але ён застаўся жывым у памяці сяброў і блізкіх.
Гаворыць удава паэта Валянціна Швед:
– Ён папросту жыве ў сваіх вершах. Па-ранейшаму натрапляю на штосьці, што мне здаецца, я гэтага раней не чытала. Чытаю гэта наноў.
Алег Латышонак: Віктар быў чалавекам, які быў гатовы змагацца ў абароне беларусаў са зброяй у руках. І помню яго вочы, калі мне пра гэта сказаў. Гэта быў чалавек як сталь.
Дарафей Фіёнік: Мы жывем ў такой польска-беларускай цывілізацыі. Віктар гэта добра адчуваў. Як спяваў тут адзін з вершаў Анатоль Баравік, хаця мы розныя, але знаходзім супольную дарогу.
На заканчэнне сваімі ўспамінамі пра знаёмства з паэтам падзяліўся бард Анатоль Баравік, які заспяваў некалькі песняў на словы Віктара Шведа. Да гадавіны смерці ў «Książnicy Podlaskiej» выйшаў чарговы зборнік вершаў Віктара Шведа на польскай мове «Na deszcz wyszly parasole».
Віктар Швед нарадзіўся 23 сакавіка 1925 года ў весцы Мора каля Гайнаўкі. Паэт, перакладчык, журналіст, сузаснавальнік Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», сябра звязу польскіх літаратараў. Дэбютаваў у 1957 годзе на старонках тыднёвіка «Ніва». Аўтар 19 паэтычных зборнікаў і кнігі ўспамінаў.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя