Ведаць сваё, але шанаваць і чужое



Беларуская дыяспара ў Польшчы збольшага рускамоўная. Гэта зразумела. Але, жывучы ў іншай краіне, беларусы надалей ствараюць рускамоўнае асяроддзе, што выклікае пэўныя асцярогі. 

„Ищу русскоязычного парикмахера”. „Ищу русскоязычного автослесаря”. „Ищу массажиста, который говорит на русском языке”. Падобныя абвесткі ўсё часцей можна пабачыць у сацыяльных сетках у супольнасцях беларусаў Варшавы, або беларусаў Беластоку, а, напэўна, і ў іншых падобных. Як ставіцца да гэтага? З аднаго боку, сітуацыя зразумелая. Беларусы, якія за апошні год, даволі масава пакінулі краіну, апынуліся ў хоць і блізкай ментальна польскім асяроддзі, але ўсё ж у чужой краіне з пакуль яшчэ чужымі правіламі быцця. Дый многія з тых, хто выехаў, не ведаюць польскую мову, нават і тыя, чаго ўжо тут саромецца, у каго ёсць Карта паляка. Таму людзі, вырашаючы свае звычайныя жыццёвыя і бытавыя праблемы, спрабуюць вырашаць іх знаёмым ім шляхам, у тым ліку ў знаёмым моўным асяроддзі. І зноў жа, каб не “прыўкрашываць” рэчаіснасць, прызнаем, што як у самой Беларусі, так адпаведна і ў шэрагах новай беларускай эміграцыі, большасць людзей – рускамоўныя.

Але ёсць і іншы бок гэтай сітуацыі. Каб не выйшла так, што зварот толькі да рускамоўных цырульнікаў, масажыстаў, будаўнікоў і гэтык далей, стаў не часовай з’явай, але пастаяннай. У гэтым, мне здаецца, ёсць пэўная небяспека: будзе стварацца нейкая замкнёная ў сабе група “рускамоўных” беларусаў. Акрамя таго, жывучы ў Польшчы, часова альбо і з мэтай тут застацца, трэба паважаць краіну, якая дала прытулак і можа стаць для многіх новым домам для жыцця. Паважаць яе культуру, традыцыі і мову. Вучыць мову краіны, у якой жывяце, здаецца натуральная рэч. Тут нават памінаючы пытанне павагі, гэта нават зручней і камфортней. Ведаць сваё, але шанаваць і чужое.

Таксама ў звязку з гэтым некалькі слоў пра адукацыю. У сітуацыі, калі ў тым жа Беластоку беларусы сталі заўважнай часткай супольнасці, чакалася, што гэта выльецца не толькі ў супольныя палітычныя акцыі, але і ў супольныя беларускія справы, а таксама ў тыя ж заняткі для дзетак на беларускай мове. Напрыклад, нядзельная школка, або “Мова-нанова для дзяцей” ці нешта падобнае. Зразумела, што арганізаваць падобныя рэчы могуць толькі бацькі, усё залежыць выключна ад іх ініцыятывы. Але ці ёсць яна? А можа я занадта вялікія маю чаканні? Бо людзі ўладкоўваюць жыццё на новым месцы і маюць больш важныя пытанні і праблемы. Але ж так і ў самой Беларусі. Неяк да мовы ў шматлікіх чарга так і не даходзіць.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя