Вера Саўчанка: Доказаў вінаватасці Надзеі няма ніякіх



У гарадскім судзе Данецка Растоўскай вобласці працягваюцца судовыя пасяджэнні ў справе Надзеі Саўчанкі. Расейскія ўлады абвінавачваюць украінскую лётчыцу ў дачыненні да абстрэлу расейскіх журналістаў, якія загінулі 17 чэрвеня мінулага году ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Надзея знаходзіцца на тэрыторыі Расеі пад вартай ўжо больш за год. У той жа час няма практычна ніякіх доказаў яе віны. Адзначае родная сястра Надзеі – Вера Саўчанка:

– Следства ўжо закончана. 10 месяцаў таму пачалося і вось закончылася. Зараз пачаліся судовыя пасяджэнні. Першое было закрытым. А далей я паеду і паедзе яшчэ адзін чалавек як сведка. У нас шмат доказаў пра невінаватасць Надзеі. Але пабачым. Ёсць такая інфармацыя, што сам пракурор сказаў, што Надзея не вінаватая. Добра, што яны рыхтуюцца выступіць, але як ім загадаюць, так і будзе.

Надзея Саўчанка – актыўная ўдзельніца Майдану ў Кіеве. Летась, у час узброенага канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, яна прымала ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі ў якасці дабраахвотніка ў складзе батальёна “Айдар”, пры гэтым заставалася дзейным афіцэрам Узброеных сіл Украіны. Трапіла ў палон сепаратыстаў, калі дапамагала выносіць параненых у час баёў каля Луганску.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя