Вераніка Мішчанка: Мы заўважылі, што за намі сочаць
Намётавыя мітынгі працягваюць стаяць на мяжы Еўразвязу з Беларуссю. Удзельніца акцыі ля пункту пропуску Меднікі не выключае, што за імі на тэрыторыі Літвы назіраюць спецслужбы Лукашэнкі.
Гаворыць сябра беларускай партыі «Народная Грамада» Вераніка Мішчанка:
– Пазаўчора мы заўважылі ранкам спачатку, у першай палове дня, і ў другой – дзве групы падазроных людзей, якія здымалі. Яны прыязджалі на дзвюх машынах з беларускімі нумарамі. А з намі якраз сядзеў побач і размаўляў дальнабойнік, і ён сказаў, што гэта не дальнабойнікі. Яны па-іншаму выглядаюць, у іх іншыя рэчы пры сабе, іншыя паводзіны. Яны сядзелі назіралі, фатаграфавалі, пасля з’ехалі.
Актывісты зафіксавалі гэтых назіральнікаў ды іхны транспарт і перадалі інфармацыю літоўскім памежнікам, кажа Вераніка:
– Учора ўвечары ў Вільні, калі я вярнулася, мы заўважылі, што за намі сочаць. У мяне таксама ёсць усе фотаздымкі.
Па словах Мішчанкі, агенты лукашэнкаўскага рэжыму трапляюць у Літву на дыпламатычных машынах. У гэтай сувязі актывістка не выключае новых правакацыяў супраць удзельнікаў намётавага мітынгу ля мяжы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя