“Вэртэп” працягвае падарожжа па Падляшшы
Міжнародны фестываль “Вэртэп” працягвае падарожжа па Падляшшы. Гэтым разам тэатральныя гурты з Польшчы і Беларусі наведалі вёску Полічная, што ў Гайнаўскім павеце.
З супольным беларуска-польскім праектам выступілі моладзевы танцавальны гурт “Катрынка” з Высокага і калектыў “Beskidek” з Бельска-Бялай:
– Мы з Беларусі, з горада Высокага Берасцейскай вобласці, Камянецкага раёна. Нашы фальклорныя танцы пра якія мы даведаліся ад бабуляў і дзядуляў з нашых вёсак – гэта наш мясцовы фальклор, нашай Камянецкай зямлі. Старых людзей усё менш і менш, але бабулі, якія засталіся, яны прыгадваюць сваю маладосць. Матэрыял ёсць, але яго трэба шукаць у розных месцах, бо яго засталося мала.
– Мы шукаем фальклор у бабуляў і дзядуляў, якія таксама гэтым займаліся – гэта перадавалася з пакалення ў пакаленне, што цяпер нам дапамагае гэта шукаць. Бабулі і дзядулі ведаюць адно аднаго і неяк мы гэта знаходзім. Цяпер праблема ў тым, што мала людзей гэтым займаецца – гэта наша памяць, гэта наша жыццё, наша мінулае, і мы не павінны гэта забываць.
Гэта ўжо шосты па ліку фестываль, які вандруе па вёсках і мястэчках Падляшша. Сёння выступы тэатральных калектываў можна будзе паглядзець у Орлі.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя