Віфлеемскі агонь міру прыбыў у Бельск-Падляшскі
Дэлегацыя Беластоцкай харугвы Звязу польскіх скаутаў перадала ў рукі каменданта Бельскай харугвы Дар’юша Косько Віфлеемскі агонь міру. «Гэта сімвал радасці, брацтва, міру і супольнасці», – паясняе Дар’юш Косько :
— Віфлеемскі агонь — сімвал усіх вартасцей, якія ёсць у скаўцкім праве, але гэта і тыя вартасці, якія павінны мець у сабе добрыя людзі. Перш за ўсё любоў. І мы будзем берагчы яе, бо гэта найважнейшае. Разнашэнне гэтай любові ў выглядзе агню для некаторых сапраўды вельмі важнае. Людзі чакаюць гэтага агню увесь год, падтрымліваюць яго да сваіх святаў. Гэты агонь — сімвал зычлівасці, дабрыні і і любові.
Перадача Віфлеемскага агню міру прайшла каля бельскай Ратушы. Прысутнічалі скаўты з бельскага, гайнаўскага ды сямятыцкага паветаў, каталіцкае і праваслаўнае духавенства, мясцовыя самаўрадаўцы. Традыцыйна, ад агню з грота нараджэння Хрыста, запалілі сказцкае вогнішча, ад якога агонь мог узяць кожны. Ідэя акцыі нарадзілася ў 1986 годзе ў Аўстрыі. Сёлетні лозунг: “У Табе святло”. 19 снежня Віфлеемскае святло міру польскія скаўты перадалі беларускім.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара