Віфлеемскі агонь у Бельску-Падляшскім
Беластоцкія скаўты перадалі скаўтам з Бельскай харугвы Віфлеемскі агонь міру. Перадача прайшла каля бельскай ратушы.
Там і запалілі скаўцкае вогнішча, з якога агонь мог узяць кожны. Кажа ксёндз Тамаш Лапіньскі:
– Віфлеемскі агонь міру – гэта агонь, які загарэўся больш за дзве тысячы гадоў таму ў Віфлееме пры нараджэнні Езуса Хрыста. І мы нясём гэтае святло ў нашыя сем’і, у наша жыццё. Гэты агонь ідзе вакол зямнога шара, каб дайсці да ўсіх людзей. Хочам, каб гэтае святло аб’ядноўвала нас у самым важным – у любові.
Віфлеемскі агонь – гэта сімвал радасці, брацтва, міру і супольнасці. Ідэя акцыі нарадзілася ў 1986 годзе ў Аўстрыі. Польскія скаўты ўдзельнічаюць у ёй з 1991 года.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя