Вікторыя Падгрэбняк: Падчас Еўрамайдану ў 2013 годзе ўкраінцы Варшавы імгненна аб’ядналіся
10 гадоў таму пачаўся Еўрамайдан – масавая акцыя пратэстаў ва Украіне. Як цяпер успрымаюцца тыя падзеі? Што прыгадваюць удзельнікі мерапрыемстваў? Якія высновы зробленыя?
Пра гэта і не толькі Госця Рацыі, актывістка грамадскага аб’яднання “Еўрамайдан-Варшава” Вікторыя Падгрэбняк распавяла нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.
РР: Вы былі актывісткай у Варшаве падчас Еўрамайдану ў 2013 годзе. Што тады распавядалі ўкраінцы Варшавы, што вас найбольш закранула?
Вікторыя Падгрэбняк: Яны распавядалі, што найбольш ім балела, што яны не могуць вярнуцца ў Кіеў, не могуць дапамагчы ў Кіеве. Мне гэта найбольш запомнілася, бо мы зараз перажываем тое ж сама – мы таксама не можам паехаць ва Украіну, мы не можам фізічна дапамагчы тым людзям, якія абараняюць незалежнасць. Гэта мяне сільна зачапіла, таму што калі людзі ў 2013 годзе фарміравалі Еўрамайдан у Кіеве, украінцы тут, у Варшаве ў Польшчы, яны былі адлучаныя. І гэта ім найбольш балела. Яны арганізаваліся ў першы ж дзень, як паўстаў Майдан у Кіеве. І гэта было найважнейшае для мяне.
РР: Зараз, калі ўжо прайшло 10 год, што цяпер баліць найбольш?
Вікторыя Падгрэбняк: Найперш баліць, што людзі губляюць тыя інстытуцыі, якія 10 год нас абаранялі, якія, як мы лічылі, нас абараняюць. Баліць, што тыя прынцыпы, у якія мы верылі, тыя інстытуцыі, у якія мы верылі, яны не выконваюць усе свае функцыі. Інакш не было б поўнамаштабнай вайны. Таксама баліць, што ў людзей пачалі змяшчацца акцэнты. Расея выйграе інфармацыйную вайну, імкнучыся укідаць прапаганду, дэзінфармацыю для насельніцтва. Такая ж самая сітуацыя, як была падчас Еўрамайдана ў 2013 годзе. Расея ўкідвае ў інфапрастору Украіны, у еўрапейскую інфапрастору сваю прапаганду.
Цалкам размова:
Нагадаем, масавая шматмесячная акцыя пратэсту Еўрамайдан пачалася ў цэнтры Кіева 21 лістапада 2013 года ў адказ на прыпыненне ўкраінскім урадам падрыхтоўкі да падпісання пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўразвязам. Падзея была падтрыманая выступленнямі насельніцтва ў іншых рэгіёнах Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя