Віталь Броўка: У Кіеў мы перавезлі дух і ідэю „Торвальда”



Рэлакацыя. З Беларусі ва Украіну. З Віцебска ў Кіеў. Ды не аднаго чалавека, а цэлага арт-пабу. Наколькі гэта складана? Што радуе і што падтрымлівае? Як працэс пераезду адчуваецца знутры і звонку?

На ўсе гэтыя пытанні нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай адказвае дырэктар арт-пабу “Торвальд” Віталь Броўка.

Віталь Броўка: Калі мы перавозілі «Торвальд» у Кіеў, то перавозілі, у першую чаргу, дух і ідэю. Вялікіх клункаў за спінай не было. Але калі сур’ёзна і шчыра, то безумоўна спачатку было даволі няпроста і не ўсё складалася само сабой. Паміж прававымі сістэмамі Беларусі і Украіны ёсць істотныя адрозненні. Асобныя правілы як весці справы ў нас і тут істотна паміж сабой розняцца. Але многія адміністрацыйныя працэдуры праходзяць лягчэй, хутчэй. І ёсць, зразумела, істотная розніца паміж тым як рабіць справы ў невялікім і вельмі знаёмым горадзе Віцебску, і перанесці гэтыя справы ў вялікую сталіцу – пяцімільённы Кіеў. Розніца маштабаў і памераў накладае свае адбіткі. Асабліва складана прызвычаіцца да адлегласцяў і спецыфікі лагістыкі. Таксама пэўныя адметнасці дае праца з кадрамі.

РР: Калі казаць менавіта пра кадры, ці былі тыя людзі, на якіх ты мог бы разлічваць калі «Торвальд» у Кіеве толькі-толькі зараджаўся?

Віталь Броўка: Беларус беларусу беларус. Таму з самага пачатку я адчуваў падтрымку супольнасці і адчуваў плячо сяброў, што я не застаюся адзін і ёсць на каго пакласціся, што аднаўленне «Торвальда» у Кіеве гэта калектыўная праца, а не мой індывідуальны крыж.

РР: Калі ўлічыць, што тэхнічнае адкрыццё «Торвальда» адбылося 17 снежня, але ўжо шмат чаго адбылося – былі калядкі, быў выступ Юрыя Стыльскага, і не толькі, і Новы год вы адсвяткавалі з аншлагам. Як думаеш, дзякуючы чаму гэта ўсё адбылося?

Віталь Броўка: Зразумела, што беларусы і на радзіме, і тут, у Кіеве, засумаваўшыся па добрых, яркіх падзеях, засумаваўшыся па цікавых і пазітыўных навінах, вельмі рады нагодзе сустрэцца, адсвяткаваць. Многія артысты засумавалі па сцэне, мы адчуваем гэта па камунікацыі з гуртамі з Беларусі, якая адбываецца зараз. І я вельмі рады, што атрымліваецца стварыць умовы для выступаў, для сустрэчы артыстаў з аўдыторыяй, з публікай. Я вельмі рады, што «Торвальд» у Кіеве больш прасторны і змяшчае больш гледачоў, чым гэта было ў Віцебску. Канцэрты, якія мы рыхтуем зараз, перакананы, пройдуць з аншлагам і пры вельмі ўтульнай атмасферы.

РР: Без чаго «Торвальд» немагчымы? Што асабіста для цябе было важна перавезці з Беларусі сюды, у Кіеў?

Віталь Броўка: Торвальд – вандроўнік. Торвальд з далёкіх паўночных земляў калісьці прынёс у Полацак святло еўрапейскай культуры. І беларусы пранеслі гэтае святло праз стагоддзі. Зразумела, што гэта для нас неаддзельна ад нацыянальных сімвалаў – ад Пагоні і ад сцягу. Сцяг і Пагоня былі заўжды ў Віцебску. Мы перавезлі іх з сабой у Кіеў. Але не менш важная атмасфера добразычлівасці, імкненне дзяліцца цеплынёй душы, – гэта таксама прысутна ў «Торвальдзе», цяпер ужо на прасторных берагах Дняпра ў Кіеве.

Пра бліжэйшыя планы. 22 студзеня, ужо вельмі хутка, Зміцер Вайцюшкевіч прыедзе ў Кіеў са сваім вялікім канцэртам. Гэта будзе яркая, незабыўная падзея, якая прынясе цудоўныя эмоцыі.

Уладзімір Пугач і J-Mors мае шматгадовую традыцыю сустракацца са сваёй публікай у Дзень усіх закаханых 14 лютага. Сёлета гэта сустрэча адбудзецца ў арт-пабе «Торвальд». Квіткі ўжо прадаюцца.

Цалкам размова:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя