Віталь Луба: Стратэгія «Нівы» адна – служыць беларускаму народу на Падляшшы
Тыднёвіку беларусаў у Польшчы „Ніва” 4 сакавіка спаўняецца 65 год. Усе гэтыя гады газета выконвае своеасаблівую ролю хронікі жыцця беларусаў у Польшчы. Амаль 10 год, у прамежкі з 1988-ы па 1992 год і з 1998-га па 2003 год— галоўным рэдактарам «Нівы» працаваў мовазнаўца і журналіст Віталь Луба.
Напярэдадні 65-годдзя «Нівы» мы задалі «Госцю Рацыі» – Віталю Лубу – пытанні пра рэдактарскія будні і далейшы шлях «Нівы».
РР: Спадар Віталь, раскажыце, калі ласка, як Вы сустрэліся з «Нівай» і што яна для Вас значыла ў той перыяд часу, калі Вы пачыналі ў ёй працаваць?
Віталь Луба: З «Нівай» я сустрэўся яшчэ ў школе, калі вучыўся. Яна заўсёды была са мною. Я быў яе чытачом, распаўсюджваў у школе, калі працаваў. Мы выкарыстоўвалі «Ніву» на ўроках. Пісалі дзеці ў «Зорку». Так што «Ніва» была са мной заўсёды ў маім дарослым жыцці. Потым, калі я стаў дзеячам Беларускага грамадска-культурнага таварыства, таксама з журналістамі «Нівы» сябраваў. І так у маім жыцці склалася, што ў 1988 годзе, калі я працаваў у Беластоку сакратаром галоўнага ўпраўлення БГКТ, мне прапанавалі стаць рэдактарам «Нівы», бо адыходзіў на пенсію яе заснавальнік Георгій Валкавыцкі.
Гэта быў вельмі цікавы час. Гэта быў час перамен грамадска-палітычных у Польшчы. У жыцці журналістаў і ўвогуле газеты самае важнае было – гэта адмена цэнзуры. Мы ўжо не мусілі аглядацца, ці можна тое ці іншае пісаць і насіць газету, каб цэнзар зацвердзіў да друку. Гэты час быў для мяне вельмі цікавы, хаця былі і розныя складанасці.
РР: Калі ласка, падзяліцеся ўспамінамі, калі Вы сталі галоўным рэдактарам «Нівы» ў 1988 годзе, як Вы бачылі далейшую стратэгію развіцця выдання, і ці ўсё атрымалася?
Віталь Луба: Здаецца, што так, бо стратэгія «Нівы» адна – служыць беларускаму народу на Падляшшы.
Галоўная мэта – гэта прапагандаваць беларускую мову сярод насельніцтва, а таксама асвятляць усе падзеі, якія адбываюцца ў нашым грамадстве. І «Ніва» ад самага пачатку заснавання па сённяшні дзень мае гэтую мэту. І яе ажыццяўляе.
Можна сказаць, што не ўдалося – гэта тое, што падаў лік чытачоў і змяншаўся тыраж. Але гэта вынік асіміляцыі. Рэдакцыі гэтаму няма як супрацьдзейнічаць. Жыццё ідзе і асіміляцыя паглыбляецца. І чытачоў становіцца менш. Калі ў 70-х гадах тыраж дасягаў 8 тысяч экзэмпляраў, то тады, калі я стаў працаваць, было ўжо 3 200. А калі адыходзіў з пасады рэдактара – 1 700. Гэты працэс непазбежны, але нягледзячы на гэта, стараемся прапагандаваць беларускую мову, прывіваць любоў да беларускай мовы сярод дзяцей і моладзі, бо «Ніва» трапляе ў школы. І асвятляць усе падзеі ў жыцці нашай беларускай супольнасці, таму што польскім СМІ некаторыя нашыя справы не цікавыя. А мы іх асвятляем і з’яўляемся хранікёрамі жыцця мясцовых беларусаў. Можам на аснове матэрыялаў, якія друкаваліся ў «Ніве», напісаць гісторыю беларусаў Падляшша. І ёсць ужо такія напрацоўкі. Напрыклад, «Бежанства» – такая кніга выйшла. Яна напісана на аснове тых матэрыялаў, якія друкаваліся ў «Ніве». Паўстаюць і навуковыя працы на падставе нашых матэрыялаў. Асноўная мэта – зафіксаваць вобраз нашай беларускай супольнасці ў Польшчы, каб пакінуць свой след.
РР: Што б Вы хацелі пажадаць чытачам «Нівы» ў гэты дзень?
Віталь Луба: Жадаю чытачам «Нівы» задавальнення ад артыкулаў, якія яна друкуе. І больш цеснага супрацоўніцтва з намі, бо мы надалей адкрытыя для нашых чытачоў.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя