Размеркаваны дзяржсродкі на праекты нацменшасцяў у Польшчы (абноўлена)



Міністэрства ўнутраных справаў і Адміністрацыя Польшчы прызнала датацыі для праектаў, якія будуць рэалізоўвацца нацыянальнымі меншасцямі ў будучым годзе.

Грошы атрымаюць перш за ўсё культурніцкія праекты, прэса і выдавецтвы. Агульная сума дафінансавання – звыш 15,5 мільёнаў злотых.

Частку гэтых грошай атрымаюць прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў з Падляшша, у тым ліку беларуская нацменшасць. Так, датацыі атрымалі тыднёвік “Ніва” – 492 тысячы злотых і “Часопіс” – 160 тысяч злотых.  Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча – Беларусь атрымаў  200 тысяч злотых на радыёперадачы для беларускай нацыянальнай меншасці.  Беларускае Гістарычнае Таварыства атрымала 32 тысячы злотых на выданне гістарычных сшыткаў.  Беларускане грамадска-культурніцкае таварыста атрымае звыш 140 тысяч злотых на фестываль “Беларуская песня”. А Беларускае аб’яднанне студэнтаў – 100 тысяч злотых на “Басовішча – 2016”.

Агулам міністэрскія датацыі атрымаюць 470 праектаў з усёй Польшчы.

* * *

Новы віцэ-міністр унутраных спраў Себасцьян Хвалэк сустрэўся з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў. Супольнае пасяджэнне тычылася бягучых спраў і выдзялення сродкаў на дзейнасць арганізацый нацменшасцяў на 2016 год.

Себасцьян Хвалэк

На пасяджэнні прысутнічаў наш карэспандэнт Радэк Дамброўскі:

– На пасяджэнні супольнай камісіі галоўнай тэмай было агучванне вынікаў конкурсу праектаў на падтрымку і захаванне нацыянальнай тоеснасці. Агулам было прызначана больш за 15,5 мільёна злотых, а гэта 99,4% сумы, якая была прызначана ў мінулым годзе. Беларускія арганізацыі прапанавалі міністэрству 83 праекты, з чаго міністэрства адобрыла 70 з іх. За апошнія 8 гадоў сума грошай на дзейнасць нацыянальных меншасцяў  заставалася на падобным узроўні, або была нязначна меншая. Новы міністр Себасцьян Хвалэк сказаў, што яшчэ знаёміцца з галоўнымі праблемамі меншасці і міністэрства, але абяцае паляпшэнне працы адміністрацыі міністэрства і гаворыць пра магчымае павышэнне датацый у наступныя гады. Варта нагалаць, што міністэрства ўводзіць інфарматычную сістэму заявак на гэтыя датацыі, якая дае магчымасць пазнаёміцца са зместам і ацэнкай камісіі ўсіх заявак, якія прапануюць меншасныя арганізацыі да дафінсавання міністэрствам.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота msw.gov.pl