Войты, бурмістры ды старасты будуць больш цікавіцца сітуацыяй меншасцяў
Войты, бурмістры ды старасты павінны больш цікавіцца сітуацыяй меншасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі іх самаўрадаў. Да такой высновы дайшлі падчас сустрэчы міністра адміністрацыі і цыфрызацыі Андрэя Галіцкага з падляшскімі меншасцямі.
Яўген Вапа з Беларускага саюза ў Польшчы прапанаваў, каб арганізаваць сустрэчы для самаўрадаўцаў па тэме законаў і праваў, якія дапамагаюць меншасцям у культурным, адукацыйным і грамадскім планах.
Па словах новага упаўнаважанага Падляшскага ваяводы па справах нацыянальных меншасці Міколы Мантура, такія сустрэчы будуць арганізаваныя:
– Такія сустрэчы патрэбныя, вядома, але трэба трохі матывацыі з боку ўпаўнаважанага па справах меншасцяў і Падляшскага ўраду. Гэта пазітыў, які будзе нам дапамагаць у тым ліку, што самаўрады будуць больш грошай вылучаць на супрацу з асяродкамі меншасцяў.
Толькі адна польская гміна Орля ўвяла двухмоўныя польска-беларускія ўказальнікі. Паводле закона аб нацыянальных ды этнічных меншасці такую магчымасць маюць 9 гмінаў, між іншым, суседнія Чыжы, Нараўка, Нараў, Дубічы Царкоўныя, Кляшчэлі, Гайнаўка ды вясковая гміна Бельск Падляшскі.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя