Volski выступіў у Батумі з вялікім канцэртам
У грузінскім Батумі ў прасторы BackDoor 12 кастрычніка выступіў праект Volski, дзе Лявон Вольскі разам з музыкамі гралі больш за дзве з паловай гадзіны.
Гучалі песні з розных гадоў і праектаў пачынаючы ад старых песень „Мроі” і скончваючы новым праектам „Эмігранты”. Такая колькасць батумскіх беларусаў здзівіла нават Лявона Вольскага:
– Вельмі класна, мы здзіўлены. Тут нават не трэба прасіць спяваць, яны самі спяваюць. Я звычайна крычу, што трэба грамчэй, але ад пачатку было і так гучна. Беларусаў шмат, так класна рэагуюць, сабраліся, для мяне лёгкі шок.
Сваімі ўражаннямі ад выступу падзяліліся беларусы Батумі:
– Я вельмі шчаслівая, што трапіла сюды. Я вельмі шчаслівая, што гэты канцэрт адбыўся.
– Мне спадабалася тое, што на гэтым канцэрце былі старыя трэкі, якія мне падабаюцца. Новыя неспадзявана добра мне зайшлі. Я вельмі ўдзячны людзям, якія зрабілі гэты канцэрт. Гэта вельмі патрэбна людзям, якія знаходзяцца далёка ад сваёй культуры.
Ужо 14 кастрычніка праект Volski выступіць у сталіцы Грузіі Тбілісі ў бары Bunker.
Беларускае Радыё Рацыя