„Воля альбо смерць”
Другі год Украіна адзначае сваё галоўнае свята ва ўмовах поўнамаштабнай вайны. Трыццаць другая гадавіна Акту абвяшчэння незалежнасці Украіны і роўна паўтара гады тэрору і болі. Дзень у дзень. Што змянілася ў саміх украінцах з моманту свята год таму і зараз: злосці больш, чым страху; упэўненасці ў перамозе больш, чым разгубленасці. А галоўнае – больш за 90% украінцаў лічаць непрымальнай ідэю саступіць тэрыторыю дзеля заканчэння вайны.
Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» сумесна з Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі правёў апытанне ва ўсіх рэгіёнах Украіны, і толькі каля пяці працэнтаў апытаных згодны прызнаць часова акупаваныя тэрыторыі Украіны часткай РФ дзеля міру ў краіне. Напрыклад, калі выключыць тэрытарыяльныя, але пайсці на іншыя саступкі (даць афіцыйны статус расейскай мове ці адмовіцца ад магчымага членства ў НАТА) — такую гатоўнасць дэманструюць рэспандэнты на ўсходзе і поўдні Украіны.
Гэта абсалютна вытлумачальна: паўтара гады частка тэрыторый у гэтых рэгіёнах знаходзіцца пад акупацыяй, але апытанне праводзілася толькі ў тых раёнах, якія кантралююцца Украінай. Пры гэтым каля паловы рэспандэнтаў лічаць, што нават калі вораг узмоцніць ракетныя абстрэлы, што прывядзе да новых ахвяр сярод мірнага насельніцтва, Украіна ўсе адно павінна працягваць ваяваць. Магчымасць замарожанага канфлікту для 20% больш прымальная, чым тэрытарыяльныя саступкі. Ступень даверу ЗСУ – 97%, Прэзідэнту – каля 80%. З абстрэламі ці без іх, не толькі год, але і кожны пражыты дзень робіць украінцаў іншымі. У іх няма выбару: „Воля альбо смерць”. Такі генетычны код.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя