Вучні беларускай нядзельнай школкі ў Беластоку пачалі рыхтавацца да Гукання вясны



Вучні нядзельнай школкі беларускіх традыцый, якую беларуская дыяспара ў Беластоку арганізавала для сваіх дзяцей, пачынаюць новы навучальны год. Калі летась яны вывучалі Каляды і нават паказалі калядны народны абрад на свята, то з новага года яны пачынаюць рыхтавацца да Гукання вясны.

Кажа выкладчыца школкі Юлія Собаль:

– Будзе Гуканне вясны. Дзеці таксама, як і на Каляды, будуць спяваць беларускія аўтэнтычныя песні. У нас будзе масленка. Мы будзем паліць чучала, вадзіць карагоды, есці бліны, перацягваць канаты, скакаць у мяхах, усё тое, што рабілі калісьці нашыя дзяды ў вёсках.

Як паведаміла Юлія Собаль, яна імкнецца выкладаць у школцы па-беларуску. «Я не вельмі валодаю беларускай мовай, таму разам з дзецьмі і сама пашыраю свае веды», – сказала выкладчыца нядзельнай школкі.