Вучні бельскага белліцэя будуць дапушчаны да экзамену
Усе вучні ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім скласіфікаваныя, паведаміў дырэктар установы Андрэй Сцепанюк. У Польшчы з 8 красавіка працягваецца забастоўка настаўнікаў і ёсць пагроза, што вучні апошніх класаў сярэдніх школ не змогуць прыступіць да экзамену на атэстат сталасці. Класіфікаваць вучняў могуць толькі педагагічныя рады, значыць настаўнікі адпаведнай школы. Настаўнікі бельскага ліцэя ды ўвогуле Бельскага павета не бастуюць, кажа Андрэй Сцепанюк:
– Вучні трэціх класаў скласіфікаваныя, таму яны могуць прыступаць да экзамену на атэстат сталасці. У гэтым годзе 69 вучняў прыступіць да экзамену, так што я спадзяюся, што ўсе вельмі добра яго здадуць. З таго, што ведаю, у Бельскім павеце ніводная школа не далучылася да забастоўкі, таму, здаецца, усе працуюць нармальна.
Вядома, што частка настаўнікаў ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы прымае ўдзел ў забастоўцы. Як паведаміў дырэктар установы, тут збіраюцца правесці класіфікацыю вучняў апошніх класаў да 26 красавіка.
Настаўнікі ў Польшчы патрабуюць падвышэння заработнай платы і ўзмацнення прэстыжу прафесіі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя