Вучні Бельскай „Тройкі” напісалі беларускую дыктоўку
Комплекс школаў імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску-Падляшскім адсвяткаваў Міжнародны дзень роднай мовы. Дзякуючы Дарафею Фёніку вучні таксама мелі магчымасць больш даведацца пра патрона сваёй пляцоўкі.
Менавіта Яраслаў Кастыцевіч сфармаваў бельскую „Тройку”, кажа настаўніца беларускай мовы Валянціна Бабулевіч:
– Ён па-сапраўднаму адраджаў беларускае слова. Ён ведаў і разумеў асяроддзе і тое, што вёскі – гэта беларуская мова. І ён прыкладаў намаганні для развіцця беларускага школьніцтва. І таму, па-першае, я вырашыла падкрэсліць заслугі Яраслава Кастыцэвіча. А па-другое, вырашыла зрабіць дыктоўку.
Гэта была першая агульнашкольная дыктоўка, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, якая прайшла ў Комплексе школаў з дадатковай беларускай мовай навучання імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску-Падляшскім.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск-Падляшскі
Фота аўтара