Вучні з Беларусі спаборнічалі ў веданні польскай мовы



20-я Падляшскія спаборніцтвы ў арфаграфіі для вучняў пачатковых і сярэдніх школ прайшлі ў пятым агульнаадукацыйным ліцэі ў Беластоку. На працягу больш чым 10 гадоў у Падляшскіх спаборніцтвах паказваюць веды польскай мовы школьнікі з беларускіх гарадоў – Гародні ды Ваўкавыска.

Сёлета ў фінальным іспыце – польскамоўнай дыктоўцы – узялі удзел пяцёра вучняў з Гародні. Кажа настаўніца ліцэю Бэата Кардаш:

– У Беларусі ёсць школы з польскай мовай навучання. Каб гэтыя ўзнагароды былі справядлівымі, мы апрацоўваем асобна працы вучняў з Беларусі. Мы разумеем ровень цяжкасці для ўдзельніка, які не з’яўляецца карыстальнікам польскай мовы. Таму мы маем дзве катэгорыі – для вучняў польскіх школ і вучняў з Беларусі. І мы таксама прысуджаем першае, другое і трэцяе месцы.

Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагародаў адбудзецца 17 красавіка ў пятым агульнаадукацыйнам ліцэі ў Беластоку.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток