Вучні з Берасця наведваюць Беласток
Вучні з Берасцейскага абласнога ліцэя імя Машэрава наведалі Беласток.
У чэрвені мінулага года беларусы з Непублічнай школы імя св.св Кірыла і Мяфодзія гасцілі ў Берасці. Абмен паспрыяў бліжэйшым кантактам, які абодва бакі хочуць падтрымліваць.
Тым больш, што беларускамоўная моладзь Падляшша ўвесь час захапляе суродзічаў з Беларусі, кажа дырэктар Берасцейскага абласнога ліцэя Наталля Каліноўская:
– Для нас, канешне, гэта дзіўна, што ў Польшчы ёсць школы, дзе дзеці вывучаюць беларускую мову, беларускую культуру, традыцыі беларусаў. Нам, канешне, вельмі прыемна, і хацелася б гэтую культуру несці ад нас – карэнных беларусаў. Таму мы сёння прыехалі са сваёй канцэртнай праграмай.
Вучні наведалі рэдакцыю Тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва”, а аўтар праекта „Беларускі Беласток” Аляксей Трубкін зладзіў для іх экскурсію па горадзе.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя