Вуліца „Лупашкі” ці 100-годдзя правоў жанчын?



Таварыства „Для Польшчы” Адама Андрушкевіча прапануе надаць назву 100-годдзя правоў жанчын новай вуліцы, якая злучаецца з вуліцай маёра Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”.

З такой прапановай выступілі чальцы таварыства Марцін Заблудоўскі і Барташ Сакалоўскі:

– Не варта ў дэбатах ставіць акцэнты – вуліца 100-годдзя правоў жанчын ці маёра Шэндзеляжа „Лупашкі”, а адна і другая. Думаю, што гэта будзе свайго кшталту паразуменнем. Вуліца павінна быць гатова ў гэтым ці ў наступным годзе. Наша прапанова, каб новая вуліца, якая будзе злучацца з вуліцай „Лупашкі”, мела назву 100-годдзя правоў жанчын. Мы лічым, што гэта будзе найлепшай прапановай.

Чальцы таварыства „Для Польшчы” Адама Андрушкевіча падалі заяву з такой прапановай прэзідэнту Беластока. На іх думку, суіснаванне вуліц 100-годдзя правоў жанчын і Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” – гэта магчымасць мірнага суіснавання і згоды жыхароў Беластока.

У той жа час вуліца „Лупашкі” падзяляе жыхароў гораду, перыядычна побач з назвай вуліцы з’яўляюцца надпісы „забойца”.

Падчас выбараў „Грамадзянская кааліцыя” абяцала змяніць назву вуліцы, але пакуль гэтае пытанне не трапіла на абмеркаванне Гарадской рады. Чарговая сесія адбудзецца 21-га верасня.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя