Вуліца „Лупашкі” ці „Падляшская”?



20-га снежня на чарговай сесіі рады Беластока трапіць на галасаванне заява аб адкліканні рашэння ваяводы ў справе вуліцы „Лупашкі”. 25 лістапада падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі ануляваў рашэнне гарадской рады ад 28 кастрычніка па перайменаванні вуліцы „Лупашкі” на „Падляшскую”.

Ваявода патлумачыў сваё рашэнне фармальнымі і тэхнічнымі памылкамі падчас галасавання. Між іншым ініцыятары змены назвы вуліцы прыпісалі маёру Зыгмунту Шэндзеляжу злачынства ў вёсцы Зане на Падляшшы. Гаворыць радны „Форума меншасці Падляшша” Томаш Каліноўскі:

– Гэта не мае нічога агульнага з правам. Я гэтага пункту нават не разумею, на які спаслаўся ваявода. Суд будзе мець трыццаць дзён на разгляд справы. Фармальна гэта выглядае так, калі суд ухваліць, пасля гэтага ўжо таблічкі з назвай вуліцы павінны знікнуць. І павінна з’явіцца вуліца „Падляшская”.

Так будзе, калі адміністрацыйны суд вырашыць, што гарадскія радныя, змяняючы назву вуліцы, не парушылі закон.

Нагадаем, вясной мінулага года па ініцыятыве радных „Права і Cправядлівасці” адной з беластоцкіх вуліц  надалі імя маёра Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”. Назву вуліцы неаднаразова замалёўвалі невядомыя, з’яўляліся на шыльдах надпісы „забойца”. Нагадаю, што Лупашка адказны за спальванне трох беларускіх вёсак на Беласточчыне: Патокі, Вілюкоў і Доўгага Броду, а таксама забойствы цывільных жыхароў.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток