Вуліца Тарашкевіча ў Бельску можа знікнуць (абноўлена)
У Бельску Падляшскім могуць перайменаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча — знакамітага беларускага лінгвіста і палітыка, аўтара першай граматыкі беларускай мовы, дэпутата польскага Сейма ў 20-ыя гады, закатаванага савецкім НКВД у 1938 годзе.
Як напісала Gazeta Wyborcza, польскі Інстытут нацыянальнай памяці таксама прапаноўвае перайменаваць у межах працэсу “дэкамунізацыі” ў Падляшскім ваяводстве і гэтую вуліцу.
Узгадваюцца таксама вуліцы Янкі Купалы ды Якуба Коласа ў Гайнаўцы. З артыкула вынікае, што назвы вуліц не збіраюцца змяняць, але існуе патрэба новага абгрунтавання іх надання.
„Будзем пратэставаць супраць змены назвы вуліцы Браніслава Тарашкевіча”, – кажа бурмістр Бельска Падляшскага Яраслаў Бароўскі.
Паводле Інстытута нацыянальнай памяці, асоба Браніслава Тарашкевіча падлягае закону аб дэкамунізацыі публічнай прасторы. Зварот у гэтай справе інстытут перадаў Падляшскаму ваяводзе, які ў сваю чаргу паведаміў бурмістру Бельска Падляшскага:
– 25-га кастрычніка падляшскі ваявода даслаў інфармацыю пра тое, што ён павінен выдаць распараджэнне пра перайменаванне вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. Варшаўскі ІНП вырашыў, што гэта асоба прапагандавала камунізм у Польшчы.
Як дадае бурмістр, у інфармацыі ад ваяводы не было абгрунатавання гэтага рашэння:
– Я звярнуўся да спадара ваяводы з лістом, каб даведацца, чаму Браніслаў Тарашкевіч быў прызнаны варшаўскім ІНП асобай, імя якой не вартая вуліца ў Бельску Падляшскім.
ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім
Як паведаміла прэс-сакратар падляшскага ваяводы Анна Ідзькоўска, у так званы другі этап „дэкамунізацыі” ў Падляшскім ваяводстве трапілі 12 вуліц:
— 27 верасня мы атрымалі пісьмовую інфармацыю ад старшыні ІНП у Варшаве адносна таго, якія вуліцы падпадаюць пад „дэкамунізацыю” паводле закона. Пасля праверкі гэтых вуліц засталося 12 і іх назвы павінны быць змененыя. У Беластоку гэта вуліцы Венгеркі, Арміі Войска Польскага і Кручкоўскага. У Бельску Падляшскім — вуліца Тарашкевіча…
Чаму Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі , ахвяра сталінскіх рэпрэсій трапіў ў дэкамунізацыйны спіс? У Інстытуце нацыянальнай памяці ў Беластоку паведамілі, што ў іх Браніслаў Тарашкевіч атрымаў станоўчую ацэнку.
Гавораць др Эва Рагалеўска і Томаш Данелецкі:
— Цяпер ідзе дакладная праверка і падрабязны збор інфармацыі, пра што казала мне калега з кракаўскага ІНП. І яшчэ няма пэўнасці, што Тарашкевіч будзе адмоўна ацэнены.
РР: Выходзіць спярша выдаецца рашэнне пра змену патрона, а потым праверка?
— Я б не назвала гэтага „рашэннем”.
— Гэта пытанне не да нас. Трэба пытаць у галоўным упраўленні, бо наша меркаванне было такім, што вуліцу Тарашкевіча „дэкамунізаваць” не трэба.
Згодна з законам Аб дэкамунізацыі Падляшскі ваявода павінен перайменаваць названыя вуліцы да 2 снежня гэтага года. Тым часам у Інстытуце нацыянальнай памяці яшчэ не завершаны збор інфармацыі ў справе Браніслава Тарашкевіча. Апошняе слова ў справе праверкі біяграфіі Браніслава Тарашкевіча за адмысловай камісіяй начальнікам якой з’яўляецца др. Мацей Корбуць з Інстытута нацыянальнай памяці ў Кракаве.
Вуліца Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім
Белрускае Радыё Рацыя