Вуліцамі Гайнаўкі ізноў пройдуць польскія нацыяналісты



“Важна ў голас асудзіць арганізатараў маршу, які мае пасварыць грамадзянаў Польшчы розных нацыянальнасцей”, – так пра Марш памяці выклятых жаўнераў у Гайнаўцы гаворыць падляшскі дэпутат Сейму Роберт Тышкевіч. 26 лютага чарговы раз вуліцамі Гайнаўкі маюць прайсці польскія нацыяналісты.

Арганізатары на афіцыйным сайце мерапыемства пішуць: “Гэта тут пра нашых герояў гаворыцца як пра забойцаў і злодзеяў, а таксама прыпісваюцца ім дзеянні, якіх ніколі не было.” Паводле Роберта Тышкевіча, трэба салідарна сказаць “не” такім правакацыям як Марш памяці выклятых жаўнераў у Гайнаўцы.

– Мы мусім адначасова і асудзіць гэту ініцыятыву, і выказаць нашу салідарнасць з нацыянальнымі меншасцямі – ахвярамі трагічных падзей Другой сусветнай вайны на гэтай тэрыторыі. І мы таксама мусім шчыра гаварыць пра гістарычную праўду.

У мінулым годзе ўдзельнікі маршу ўслаўлялі між іншым асобу Рамуальда Райса псеўданім “Буры”- адказнага за забойства беларускіх жыхараў на Гайнаўшчыне і Бельшчыне ў 1946 годзе.

Арганізатарамі маршу з’яўляюцца група “Нацыянальная Гайнаўка” і Нацыянальна-Радыкальнае Адраджэнне “ОНР” Беласток.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток