Вуліцы Купалы і Коласа ў Гайнаўцы таксама пад пагрозай?



Вуліцы імя Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Гайнаўцы магчыма дэкамунізуюць. Цяпер гэтае пытанне вырашаюць гісторыкі з Інстытута нацыянальнай памяці ў Кракаве. Як сказала нашаму радыё супрацоўніца гэтага інстытута ў Беластоку, Эва Рагалеўска, гэта “неадназначныя асобы, асабліва Янка Купала”:

Там падобная сітуацыя і гэтыя дзве назвы таксама старанна аналізуюцца гісторыкамі ў Кракаве, бо Кракаў упаўнаважаны старшынёй Інстытуту Нацыянальнай памяці да правядзення другога этапу праверкі. Гісторыкі ў Кракаве і цэнтральнай управе вядуць уласныя навуковыя даследаванні і на гэтай падставе прадставяць сваю пазіцыю.

Паводле закона, працэс дэкамунізацыі ў Польшчы адбываецца ў два этапы. Першы завяршыўся другога верасня. Да гэтага часу мясцовыя ўлады павінны былі самастойна змяніць назвы вуліц, якія прапагандуюць таталітарныя сістэмы. Падчас другога этапу рашэнне пра дэкамунізацыю прымае ваявода на падставе рэкамендацыі галоўнай управы Інстытута Нацыянальнай Памяці ў Варшаве. У гэты другі этап на Падляшшы трапілі 12 вуліц. Вуліц Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Гайнаўцы пакуль няма ў спісе. Пра гэта нашаму радыё сказала прэс-сакратар падляшскага ваяводы Анна Ідзькоўска:

У гэты спісе 12 вуліц яшчэ няма зацверджаных вуліц Янкі Купалы і Якуба Коласа, таму пакуль няма яшчэ канчатковага рашэння. Магчыма гэтае рашэнне яшчэ будзе зменена. Пакуль у мяне няма звестак.

Адзначым, што ў названы спіс вуліц на Падляшшы, якія падлягаюць так званай “дэкамунізацыі” трапіла вуліца імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя