Вядомы лаўрэаты Агульнапольскай алімпіяды па беларускай мове



Агнешка Саўчук з Гайнаўкі і Максім Фіёнік з Бельска Падляшскага сталі лаўрэатамі ХХIV Алімпіяды па беларускай мове для вучняў агульнаадукацыйных ліцэяў. Удзельнікі правяралі свае веды па беларускай мове ў пісьмовай і вуснай частках.

Адзін з сёлетніх лаўрэатаў алімпіяды – Максім Фіёнік, вучань першага класа агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, які ганарыцца тым, што мог правераць веды на мове сваіх продкаў.

– Для мяне гэта вялікі гонар быць лаўрэатам алімпіяды па беларускай мове, бо я адчуваю сябе беларусам у душы. І мне вельмі добра робіцца, калі падумаю, што я валодаю гэтай мовай, умею расказаць пра гісторыю, пісьменнікаў Беларусі і ўсё, што з гэтым звязана. Дзякуючы гэтай алімпіядзе я многаму навучыўся.

Арганізатарам алімпіяды па беларускай мове выступіла кафедра беларусістыкі ўніверсітэта ў Варшаве. Лаўрэатаў і фіналістаў алімпіяды віншуем і жадаем далейшых поспехаў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток