Вядомы вынікі экзаменаў у Польшчы
Ліцэісты з усёй Польшчы афіцыйна пазнаёміліся з вынікамі экзаменаў на атэстат сталасці, да якіх прыступалі ў траўні.
Пра свае вынікі і чаканні датычна экзаменаў распавялі нашаму радыё выпускнікі з ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім:
– Я чакаў іншых, лепшых вынікаў. Але скажу так: добра. Магу падаваць дакументы на фізіятэрапію ў медычны ўніверсітэт.
– Калі пабачыла свае вынікі, то была ў шоку: не думала, што магу так добра напісаць экзамены. Матэматыку напісала на 72%, расейскую мову – на 90%. Гэта самыя важныя для мяне прадметы.
– Я здала экзамены і задаволеная вынікамі. Доўга чакала гэтых вынікаў, а цяпер ужо магу лёгка ўздыхнуць.
У бельскім белліцэі экзамены на атэстат сталасці здала 93% выпускнікоў. Людзі, якім не атрымалася, прыступяць да экзаменаў яшчэ раз у жніўні.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара