Вядомыя новыя назвы вуліц у Беластоку
Адна з вуліц сталіцы Падляшша будзе названа ў гонар грузінскага праваслаўнага святара і святога Рыгора Перадзэ. Такое рашэнне адзінагалосна прыняла ўправа Беластока. Вуліца знаходзіцца ў раёне Верхнія Дайліды, што побач са збудаванай царквой імя св. Рыгора Перадзэ.
Сваю вуліцу мае таксама польскі астронам і півавар Ян Гевелій. Ён замяніў савецкага касманаўта Уладзіміра Камарова. У Беластоку зменяць яшчэ 10 назваў вуліц часоў ПНР.
Паводле гарадскога раднага Славаміра Назарука, варта скарыстацца нагодай і прапанаваць асобаў звязаных з беларускім асяроддзем:
– Калі б з нашага боку былі якія-небудзь прапановы, то, я думаю, ёсць шанцы, што гэта прайшло б. Магчыма, варта падумаць пра асоб, якія звязаны з нашым асяроддзем, і пры нагодзе надаць вуліцам іх імёны.
Самаўрады павінны змяніць назвы вуліц, якія прапагандуюць камунізм, да пачатку верасня 2017 года. Да гэтага часу ва ўправу горада Беластока паступіла каля 110 прапаноў па змене назваў вуліц.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystokonline.pl