Вялікая прэм’ера адноўленага праекта «Народны альбом. 20 год”
“Народны альбом. 20 год” – сёння вялікая прэм’ера адноўленага праекта. Квіткі на гэты музычны спектакль разбіраліся імгненна.
Удзельнік праекта ад самага пачатку яго існавання яшчэ ў часы знакамітага радыё «101.2 FM», музыка Лявон Вольскі прызнаецца, што нават не чакаў такой вялізнай зацікаўленасці да “Народнага альбома” і праз столькі гадоў:
– Шчыра кажучы, я не чакаў. Не ведаю, чаму так. Я калі граў нейкія сольныя канцэрты ці разам з Паўлам Аракелянам, а граем песні з «Народнага альбома», я магу засведчыць, што людзі, якія прыходзяць, асабліва маладыя, проста не ведаюць, што гэта такое. Я ім распавядаю, што гэта такі праект пра міжваенны перыяд, заходнебеларускае мястэчка. Мая дачка, напрыклад, памятае, але для яе гэта не было нечым асаблівым. Аднак цяпер, калі пераслухала ўвесь «Народны альбом», сказала, што гэта геніяльная штука.
Прэм’ера спектакля “Народны альбом. 20 год” сёння а 18-ай гадзіне на галоўнай сцэне Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Не выключана, што квіткі можна будзе атрымаць яшчэ перад самым пачаткам імпрэзы. Акрамя таго, на вялікім экране ў амфітэатры оперы ахвотныя змогуць аглядаць усе падзеі са сцэны ўжывую.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя