Вялікі марш у Варшаве 9 жніўня



9-га жніўня беларусы адзначаць 3 гады з пачатку пратэстаў. З гэтай нагоды ў Варшаве адбудзецца вялікі марш з удзелам палітычных і грамадскіх дзеячаў. Пра падзею і не толькі наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з Госцяй Рацыі, суарганізатаркай мерапрыемства, прадстаўніцай аб’яднання “Беларусы Варшавы” Кацярынай.

РР.: Чым, на ваш погляд, будзе адметная акцыя 9-га жніўня, асабліва пры ўліку, што падобнага кшталту акцыі-імпрэзы вы ўжо рабілі?

Кацярына: Па-першае сёлета гэта чыста нізавая ініцыятывы, то бок ініцыятарамі маршу з’яўляюцца актывісты беларусаў Варшавы, і буйныя арганізацыя як такія не ўдзельнічаюць менавіта як арганізатары.

Так, будуць прадстаўнікі некаторых буйных арганізацый, але ў цэлым ініцыятыва нізавая. Трэба сказаць, што мы рабілі апытанку яшчэ загадзя пра тое, калі рабіць гэты дзень, як рабіць у тым ліку былі пытанні. Большасць людзей прагаласавала за дату 9 жніўня, не ўсім зручна, магчыма, але большасць у шмат якіх каналах прагаласавала менавіта за 9 жніўня. Таму мы будзем яго рабіць у гэты дзень, спадзяемся прыйдзе шмат людзей, нягледзячы на тое, што вялікай рэкламы, напэўна, не будзе. Я думаю, што для тых, каму важна гэтая дата, яны знойдуць магчымасць прыйсці.

Чым адметная гэта акцыя будзе? Тым, што мы ўпершыню пройдзем маршам па мосце. Гэта будзе мост, які аб’ядноўвае стары горад – Замкавую плошчу – з Прагай. І мы спадзяемся, што гэта будзе, па-першае, бачна ўсім, па-другое, проста прыгожа – нашы сцягі над Віслай, над мостам. Так што далучайцеся!

РР.: Які сёлета маршрут нас чакае і хто выступіць падчас гэтага мерапрыемства?

Кацярына: Нас у гэтым годзе чакае адметны маршрут, ён будзе пачынацца не зусім у цэнтры горада, а будзе пачынацца на Празе, кропка называецца парк Праскі, гэта літаральна за мостам. Там мы збяромся а 18-й гадзіне, потым у нас будзе прыблізна 20 хвілін на зборы, на аб’явы і г.д. І потым мы пройдземся па гэтым мосце да Замкавай плошчы. Мы вельмі хацелі, каб наш марш быў бачны не толькі палякам, але і ўсім турыстам, якія будуць на Замкавай плошчы. Мы спадзяемся, што будзе прыгожы відарыс з Замкавай плошчы на тых, хто ідзе па мосце, туды. І потым наступны крок – гэта будзе Замкавая плошча, дзе мы таксама будзем чакаць усіх, хто далучыцца да маршу і тых, хто, можа, далучыцца пасля працы. Там мы зробім таксама невялікі прыпынак, паспяваем разам, мы зробім хвіліну маўчання ў памяць нашых загінулых ваяроў і ўсіх загінулых ад рэжыму Лукашэнкі. І потым мы пойдзем па кракаўскім прадмесці на Каперніка, дзе і будзе пляцоўка для выступаў і заканчэння марша.

Збіраецца выступаць Павел Латушка, Віталь Рымашэўскі, будуць таксама прадстаўнікі польскага ўрада, мы пакуль не ведаем, хто дакладна. І хтосьці яшчэ будзе, гэта ў працэсе распрацоўкі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя