Вялікую групу нелегальных мігрантаў затрымалі польскія памежнікі
Вялікую групу нелегальных мігрантаў – 24 чалавекі – затрымалі польскія памежнікі ля беларускай мяжы.
Сярод парушальнікаў 11 грамадзян Афганістана, 9 грамадзян Расеі чачэнскай нацыянальнасці, 2 грамадзяніны Палесціны, грамадзянін Арменіі і грамадзянін Іарданіі. Гэта не першая вялікая група, спыненая сёлета, паведамілі Hrodna.life у прэс-службе Падляшскага аддзела памежнай службы. Група мігрантаў перайшла так званую «зялёную мяжу» ў ваколіцах мястэчка Шудзялова. З беларускага боку бліжэйшыя значныя населеныя пункты — Малая Бераставіца, Алекшыцы і Макараўцы.
Па стане на 6 чэрвеня з пачатку году падляшскія памежнікі затрымалі за незаконнае перасячэнне мяжы 112 чалавек. Сярод іх не толькі парушальнікі беларуска-польскай мяжы, але і мігранты, спыненыя на польска-літоўскім памежжы, а таксама глыбей унутры краіны. За бягучы год нелегалаў стала больш у 4 разы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота podroze.onet.pl