Вялізныя чэргі на мяжы ў польскім і літоўскім напрамках
Транспартны калапс на мяжы. Паводле апошніх дадзеных Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Рэспублікі Беларусь, чэргі з легкавых аўтамабіляў утварыліся на выездзе з краіны ў польскім і літоўскім напрамках. Найгорш сітуацыя выглядае ў “Брузгах”, дзе стаіць не менш за 140 машын, у “Брэсце” – не менш за 130. У “Каменным Логу” – больш за сто, у “Бераставіцы” – больш за 90 легкавых машын. У “Катлоўцы”, “Лошы” і “Беняконях” – больш за паўсотні. У “Пясчатцы” – спакойна, у “Прывалцы” – пуста.
Паводле камітэту, асноўная маса пасажыраў – грамадзяне Расеі, у якіх святочныя выходныя працягнуцца па восьмага студзеня. Пасля завяршэння адпачынку, увесь гэты паток будзе ехаць у адваротным напрамку.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота gpk.gov.by