Вярхоўная Рада прагаласавала за новы Кабмін (абноўлена)
Напярэдадні Вярхоўная Рада прызначыла склад ураду, у якім будзе створана 17 міністэрстваў. Міністрам фінансаў стала народжаная ў ЗША Наталля Ярэська, міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю ўзначаліў літовец Айварас Абрамавічус, а міністрам аховы здароўя абралі грузіна Александра Квіташвілі. Усе яны перад прызначэннем атрымалі грамадзянства Украіны. Прызначэнне на міністэрскія пасады замежнікаў — не ўнікальная украінская з’ява, кажа палітолаг Яраслаў Чарназуб:
– Я думаю, што гэта была адна з умоў ЗША. Гэта сігнал таго, што ва Украіну пойдуць сродкі.
Як паведамляюць украінская СМІ, Наталля Ярэська ужо 20 гадоў жыве на тэрыторыі Украіны, Айварас Абрамавічус працуе ў Кіеве ужо цягам 6 гадоў. Усе міністры, якія атрымалі грамадзянства Украіны, аўтаматычна пазбавіліся грамадзянства сваіх краінаў.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Украіна мае новы ўрад. Эканомікай, фінансамі і аховай здароўя будуць кіраваць былыя замежнікі.
2-га снежня Вярхоўная Рада Украіны зацвердзіла склад Кабінету Міністраў. За пастанову прагаласавалі 288 дэпутатаў.
Галасаванне адбылося пакетам, нягледзячы на патрабаванне асобных дэпутатаў галасаваць па кожным міністры асобна.
Перад галасаваннем прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка даў украінскае грамадзянства кандыдатам на пасады міністраў Наталлі Ярэсьцы, Аляксандру Квіташвілі і Айварасу Абрамавічусу.
Наталля Ярэська, якая мае грамадзянства ЗША, стала міністрам фінансаў. Літоўскі грамадзянін Айварас Абрамавічус атрымаў пасаду міністра эканамічнага развіцця і гандлю. На пасаду міністра аховы здароўя прызначаны Аляксандар Квіташвілі, які займаў падобную пасаду ва ўрадзе Грузіі.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, новапрызначаныя міністры маюць адмовіцца ад грамадзянства іншых краін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота РИА Новости